Міятавіч: Беларускія ўлады павінны зрабіць для свабоды СМІ болей
Прадстаўніца АБСЭ па свабодзе слова Дуня Міятавіч у інтэрвію Свабодзе распавяла пра свой сталы дыялёг зь беларускімі ўладамі.
«У мяне сталы дыялёг зь беларускімі ўладамі. Мая роля палягае ня ў тым, каб рабіць звароты перад выбарамі альбо пасьля іх, я зьвяртаюся да ўладаў увесь час. Я сачу за беларускім заканадаўствам, факусую ўвагу на бясьпецы, накіроўваю свае звароты ў МЗС Беларусі і іншым уладам, адказным за акрэдытацыю журналістаў. Я зьвяртаю іх увагу на бясьпеку журналістаў, якіх спыняюць на вуліцы падчас працы за тое, што яны ня маюць адпаведных дакумэнтаў. Гэта тая сфэра, дзе я хацела б пабачыць пазытыўныя зьмены неадкладна, таму што гэта вельмі няправільна.
Ёсьць і некаторыя пазытыўныя крокі, якія былі зробленыя ў Беларусі, яны датычаць зьняволеньня журналістаў. На гэты момант у Беларусі няма ніводнага журналіста ў турме, і ўсе абвінавачаньні супраць журналістаў зьнятыя. Я думаю, што гэта добрае дасягненьне.
Але гэтага недастаткова, урад мае зрабіць болей. Сярод іншага мы павінны зьвярнуць увагу на замежныя СМІ. Цяпер, калі мы маем усе гэтыя перамовы ў Менску пра будучыню Ўкраіны, відавочна, мы павінны там мець журналістаў, але такіх, якіх не кантралявалі б мясцовыя ўлады».
Спадарыня Міятавіч паведаміла, што хоча прыехаць у Менск: «Гэтая тэма застаецца цяпер прадметам для абмеркаваньня, але я ня бачу тут ніякіх праблемаў».