Максіма Вінярскага, Вольгу Нікалайчык і Леаніда Кулакова пакаралі штрафамі
У Смалявіцкім раённым судзе завяршыўся адміністрацыйны працэс над актывістам «Еўрапейскай Беларусі» Максімам Вінярскім, якога абвінавачвалі у абразе супрацоўніка мясцовай міліцыі (арт 23.5 КаАП РБ).
Суддзя Ліна Бародзіч пакарала актывіста штрафам у памеры 30 базавых велічынь.
Як паведаміла ў facebook Юля Сцяпанава, у Смалявічах была затрыманая рэжысёр Вольга Нікалайчык, якая прыехала падтрымаць Вінярскага ў судзе. Вольгу затрымаў намеснік начальніка Смалявічскага РУУС. Па меркаванні актывіста Леаніда Кулакова, Нікалайчык затрыманая за акцыю на Кургане Славы. Дарэчы, актывістка Вольга Нікалайчык і Кацярына Садоўская атрымалі позвы з Цэнтральнага раённага суду Менску. На 26 траўня іх выклікаюць у суд за акцыю, якая прайшла каля расейскай амбасады 29 красавіка. Таксама затрыманы Леанід Кулакоў.
На Вольгу Нікалайчык склалі адміністратыўны пратакол па частцы 2 артыкула 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) і пакаралі штрафам у памеры 30 базавых велічынь, Леаніда Кулакова пакаралі за парушэнне правілаў дарожнага руху на 180 тысяч рублёў. Суддзя - Казлоўскі.
Нагадаем, што паводле пратаколу, які быў складзены на Вінярскага 15 траўня, ён назваў «упыром» міліцыянта Лесіцу. Інцыдэнт адбыўся, калі актывісты, у тым ліку Вінярскі, прыехалі да Смалявіцкага РУУС, каб сустрэць пасля адбыцця арышту свайго аднадумца Леаніда Кулакова. 20 траўня міліцыянт Лесіца ў суд не з’явіўся. З гэтай прычыны суд быў перанесены на наступны дзень.