Алесь Бяляцкі - госць святочнай сустрэчы Amnesty International у Польшчы
23 траўня ў Варшаве кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” Алесь Бяляцкі стаў спецыяльным госцем на гадавой сустрэчы актывістаў аддзяленьня Amnesty International у Польшчы.
Трэба адзначыць, што польскае аддзяленьне АІ, якое аб'ядноўвае каля трох з паловай тысячаў актывістаў, сёлета сьвяткуе 25-я ўгодкі заснаваньня і з гэтай нагоды ладзіць кампанію з заклікам да ўсіх дзяліцца свабодай.
Былы беларускі вязень сумлення падчас выступу на гэтай сустрэчы распавёў, што за час яго знаходжання ў калоніі сябры Amnesty з Польшчы даслалі яму сотні і сотні лістоў і паштовак са словамі салідарнасьці і з тысячамі подпісаў у ягоную абарону. Па словах Алеся Бяляцкага, гэтыя лісты былі моцнай падтрымкай, за што ён выказаў удзячнасьць усім сябрам Amnesty, якія пісалі яму. Праваабаронца заклікаў польскіх актывістаў і надалей праводзіць кампаніі салідарнасьці.
Таксама Алесь Бяляцкі распавёў пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі, якую ахарактарызаваў як “дрэнную і бязь зьменаў да лепшага”, і заклікаў сяброў Amnesty International у Польшчы і далей працаваць з Беларусьсю па пытаньнях вызваленьня палітычных вязьняў і супраць сьмяротнага пакараньня. Актывісты AI з свайго боку выказалі салідарнасьць з беларускім народам у барацьбе за дэмакратыю і правы чалавека.