Салігорск: актывіст АГП не атрымлівае лісты з адказамі на свае запыты ў дзяржаўныя інстанцыі
Старшыня Мінскай абласной арганізацыі партыі АГП Віктар Малочка за непрацяглы перыяд часу не атрымаў шэраг лістоў з адказамі на свае запыты ў розныя дзяржаўныя інстацыі. З гэтай нагоды апазіцыянер гатовы пайсці ў суд з пазовам супраць дзяржаўнага прадпрыемства “Белпошта”.
- Яшчэ ў ліпені 2013 года я накіроваў запты ў выканкамаўскую газету “Шахцёр” і толькі ў сакавіку 2014-га, пасля скаргі ў Генпракуратуру, атрымаў адказ з газеты, дзе сцвярджалася, што раней мне ўжо накіроўвалі ажно два адказы. У снежні 2014-га ад імя партыі я накіраваў ліст у Салігорскі райвыканкам па пытанні зносу помніку ў аграгарадку Крывічы. Адказу я дагэтуль не атрымаў, але ў вынкаме паведамілі, што яго мне накіроўвалі нават з уведамленнем! У жніўні 2014 года я звяртаўся да генеральнага дырэктара Беларуськалія па праблеме небяспечных шахтных падпрацовак у тым жа аграгарадку Крывічы. Галоўнага ліста з адказам я таксама дагэтуль не атрымаў. Я звяртаўся нават ў пракуратуру, каб яны зладзілі праверку па факце неатрымання мною адказу з Беларуськалія. Гэта ўжо можа прагучаць проста смешна, але ліста з адказам з пракуратуры я таксама не атрымаў, - абураецца Віктар Малочка.
Па запыце апазіцыянера кіраўніцтвам Белпошты была праведзена праверка. Выявілася, што ўсе дзяржаўныя ўстановы адказы на звароты давалі, але куды падзеліся лісты, нават якія дасылаліся чыноўнікамі з уведамленнем, адміністрацыя салігорскага аддзялення паштовай сувязі растулмачыць не змагла.
- Я нават афіцыйна звяртаўся на пошту, каб усе мае лісты пакідалі ў аддзяленні, пакуль я сам не прыду і не забяру іх. Ёсць у іх такая магчымасць. У выніку, калі я прыходзіў за доўгачаканым адказам на пошту і яго там не было, мне казалі пра яго дастаўку дадому. Натуральна, і ў сваёй хатняй паштовай скрыні я нічога не знаходзіў. Не ведаю, ці гэта робіцца кімсьці наўмысна, ці па звычайнай халатнасці, але знікненне маёй перапіскі па грамадска-палітычных справах выглядае вельмі дзіўна. У любым разе, на пошукі зніклых адказаў губляецца шмат часу і грошай, - кажа сябра АГП.
У цяперашні момант партыец рыхтуе прапанову да кіраўніцтва Белпошты аб дабравольнай кампенсацыі панесеных ім матэрыяльных і маральных выдаткаў. Калі Белпошта не пойдзе насустрач, партыец абяцае звярнуцца з пазовам у суд.