viasna on patreon

Ці дапаможа Вярхоўны суд зрабіць адкрытымі “адкрытыя” суды ў калоніях?

2015 2015-06-02T16:19:00+0300 2015-06-02T16:13:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sapelka-italia-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Павел Сапелка

Павел Сапелка

Юрыст Павел Сапелка просіць Вярхоўны суд Беларусі растлумачыць парадак доступу грамадзян у выязныя судовыя пасяджэнні на тэрыторыі месцаў пазбаўлення волі.

4 мая супрацоўнік Шклоўскай папраўчай калоніі №17, дзе разглядалася пытанне аб змене рэжыму ўтрымання Мікалая Статкевіча, адмовіўся забяспечыць доступ юрысту ў выяздное судовае пасяджэнне.

Павел Сапелка звярнуўся са скаргай ва Упраўленне Дэпартамента выканання па Магілёўскай вобласці. Паколькі разгляд крымінальных спраў ва ўсіх судах адкрыты, за выключэннем асобных выпадкаў, Сапелка справядліва палічыў, што пры гэтым былі абмежаваныя ягоныя правы.

У адказ на зварот юрыста начальнік упраўлення ДВП МУС па Магілёўскай вобласці паведаміў, што судовае паседжаньне, якое хацеў наведаць Сапелка, было адкрытым, але праходзіла ў будынку адміністрацыйнага корпуса - на тэрыторыі рэжымнага аб'екта, у сувязі з чым свабодны праход на яго тэрыторыю забаронены.

Фактычна з адказу вынікае, што на выязныя суды, якія адбываюцца ў калоніях і іншых месцах выканання пакарання, практычна патрапіць немагчыма. Маючы права прысутнічаць у адкрытым судовым пасяджэнні скарыстацца ім у такой сітуацыі проста малаверагодна.

Звяртаючыся да вышэйшай судовай інстанцыі Сапелка нагадвае, што ў адпаведнасці з часткай 1 арт. 287 КПК, суд павінен забяспечыць адкрыты судовы разгляд крымінальных спраў.

“Такім чынам, я меў права прысутнічаць у адкрытым судовым пасяджэнні на тэрыторыі калоніі, і менавіта суд павінен быў забяспечыць мне і ўсім жадаючым захаванне гэтага права. Суддзі, які вёў гэта пасяджэнне, безумоўна было вядома аб тым, што асобы, якія жадаюць прысутнічаць на судовым пасяджэнні, немінуча сутыкнуцца з перашкодамі ў рэалізацыі свайго права. Аднак ніякіх намаганняў для стварэння ўмоў для захавання прынцыпу галоснасці і павагі да правоў грамадзян ім не было зроблена”, - сцвярджае Павел Сапелка.

Сярод магчымых дзеянняў, якія б спрыялі адкрытасці судоў на тэрыторыі месцаў пазбаўлення волі, юрыст называе наступныя пункты:

- стварэнне практыкі своечасовага папярэдняга апавяшчэння судамі пра справы, прызначаныя да разгляду;

- высвятленне сакратаром судовага пасяджэння складу асоб, якія жадаюць прысутнічаць у судовым пасяджэнні і атрыманне для іх пропускаў;

- арганізацыя судовых пасяджэнняў па-за будынкам суда з разлікам на забеспячэнне установай вольнага доступу грамадзян;

- правядзенне судовага паседжання ў будынку суда, калі па меркаваннях бяспекі немагчыма забяспечыць доступ грамадзян на тэрыторыю рэжымнага аб'екта.

Сапелка просіць Вярхоўны суд растлумачыць яму парадак доступу грамадзян у выязныя судовыя пасяджэнні на тэрыторыі месцаў пазбаўлення волі, а таксама паведаміць, якія меры мае намер ажыццявіць Вярхоўны Суд з тым, каб арганізаваць правядзенне выязных судовых пасяджэнняў на тэрыторыі месцаў пазбаўлення волі з захаваннем гарантый справядлівага суда і прынцыпу галоснасці.

Закранае юрыст і пытанне аб тым, якім чынам пры ўдзеле ў такога роду судовых пасяджэннях грамадзяне могуць рэалізаваць сваё права весці аўдыёзапіс судовага пасяджэння, прадастаўленае часткай 6 ст.287 КПК, паколькі праносіць гуказапісвальныя прылады на тэрыторыю калоній забаронена.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства