Брэст: у Дзень абароны правоў дзіцяці – пра праблемы дзяцей
У Брэсце адбыліся мерапрыемствы, з нагоды Міжнароднага дня абароны правоў дзіцяці. У прыватнасці, гарадская арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) зладзіла адмысловы семінар, каб нагадаць, што дзяржава далёка не заўсёды выконвае свае абавязкі.
Як нагадала адзін з арганізатараў семінара Наталля Галаніна, паводле Дэкларацыі правоў дзіцяці, кожны чалавек з нараджэння мае права на жыццё, на свабоду слова, на сям'ю, на бяспеку, на справядлівасць, на адукацыю і годныя сацыяльныя гарантыі, на адпачынак і вольны час. Аднак непасрэдна ў Брэсце зараз назіраецца сітуацыя, калі не хапае дзіцячых садкоў, школ і дзіцячых паліклінік. “Мы лічым, што нельга замоўчваць дадзеныя праблемы і варта падымаць іх перад дзяржаўнымі ўстановамі, калі справа тычыцца правоў дзяцей, - распавяла Наталля Галанина. – Таму ў нашым горадзе працягваецца кампанія “За даступную адукацыю па месцы жыхарства”, накіраваная на будаўніцтва дзіцячых садоў і школ у новых мікрараёнах Брэста. Але апошнія заявы ўладаў у гэтай сферы толькі засмучаюць: школу-садок у мікрараёне Паўднёвы збіралася ўвесці ў эксплуатацыю ў 2014-м годзе, цяпер абяцаюць у 2016-м”.
Удзельнікі семінара прыгадвалі і іншыя выпадкі, калі дзяржава не належным чынам абараняе правы дзіцяці, хоць на ўтрыманне бюракратычнай сістэмы, што кантралюе гэтыя пытанні, марнуюцца вялікія грошы.