viasna on patreon

Праваабронцы распачынаюць гуманітарную місію ва Украіне

2015 2015-06-02T20:54:00+0300 2015-06-03T13:15:48+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/salaujoy-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Каардынатар кампаніі “Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне” Зміцер Салаўёў

Каардынатар кампаніі “Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне” Зміцер Салаўёў

Праваабарончы цэнтр “Вясна” ініцыяваў правядзенне Праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне. Асноўная яе мэта – дапамога ўкраінскім перасяленцам з зоны канфлікту, якіх у адным толькі Харкаве налічваецца каля 100 тысяч чалавек. Распачаць кампанію плануецца менавіта ў Харкаве, пазней праца місіі распаўсюдзіцца на Чарнігаў, Львоў, Чаркасы ды Адэсу. Каардынатар кампаніі “Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне” Зміцер Салаўёў падзяліўся сваімі чаканнямі наконт дзейнасці місіі.

- Як ўзнікла ідэя стварэння гэтай місіі?

Зм. С.: Ідэя напачатку нарадзілася ў нашага старшыні Алеся Бяляцкага, паколькі ён, як віцэ-прэзідэнт FIDH, вядзе актыўную міжнародную дзейнасць, менавіта ён нас і натхніў. Пасля ўзнікла думка, што трэба рабіць стажыроўкі сяброў нашых філій на Украіне, а затым ўсё гэта трансфармавалася ў ідэю Праваабарончай гуманітарнай місіі з мэтай валанцёрскай дапамогі праваабарончым арганізацыям Украіны, якія займаюцца перасяленцамі, то бок людзьмі, якія пацярпелі ад узброенага канфлікту, які зараз ідзе на ўсходзе Украіны.

 - З якімі украінскімі арганізацыямі вы плануеце супрацоўнічаць ці ўжо распачалі супрацу?

Зм. С.: Пастаянна дзеючая місія працягласцю два месяцы распачнецца ў Харкаве. Кожныя два тыдні будуць мяняцца нашыя валанцёры. Мы будзем працаваць пры арганізацыі “Станцыя Харкаў”, якая спецыялізуецца на аказанні дапамогі перасяленцам. Яны акумулююць інфармацыю аб тым, хто чым можа дапамагчы, раздаюць гуманітарную дапамогу, дапамагаюць інфармацыйна з працаўладкаваннем, з пражываннем, харчаваннем, вырашаюць надзённыя пытанні перасяленцаў. Гэта будзе самае асноўнае. Акрамя таго па рэгіёнах Украіны мы збіраемся рабіць  невялікія візіты на 5-7 дзён, зыходзячы з нашых магчымасцей. У прыватнасці, зараз мы атрымалі адказ з гораду Львова, там ёсць арганізацыя цэнтр СІМ. Яны адказалі, што таксама могуць з намі пасупрацоўнічаць – прыняць нас у якасці валанцёраў для працы ў грамадскіх прыёмных, для аказання бясплатнай юрыдычнай дапамогі.  Яны, напрыклад, робяць шмат інфармацыйных акцый, арганізуюць прагляды відэафільмаў па тэме правоў чалавека, а таксама займаюцца непасрэдна гуманітарнай дапамогай перасяленцам.

- Калі плануецца распачаць непасрэдную працу місіі?

Зм. С.: Праца місіі фактычна пачнецца 4 чэрвеня ў Харкаве. Ужо распрацаваны графік працы валанцёраў: кожны з іх будзе працаваць два тыдні: не ўсе адразу будуць мяняцца, а два чалавекі з’язджае – два новых прыязджае, каб заўсёды быў нехта, хто прабыў ужо тыдзень, хто разумее абстаноўку, хто ўжо працуе і мае нейкія напрацоўкі, такім чынам гэты вопыт будзе перадавацца. Акрамя таго, мы збіраемся кожны дзень весці дзённік місіі ў фэйсбуку і  рабіць рэпартажы пра розныя цікавыя выпадкі, асвятляць праблемы людзей, каб на прыкладзе канкрэтных сітуацый людзі атрымлівалі неабходную інфармацыю, каб больш разумелі, што там адбываецца. Таму што мы ўсе бачым што транслююць па тэлевізіі праз расійскія каналы ды БТ – інфармацыя неадпаведная рэчаіснасці, людзі прыдумваюць сабе розныя міты, з’яўляюцца чуткі. А мы пастараемся асвятліць, як усё ёсць насамрэч, то бок якія менавіта праблемы ў гэтых перасяленцаў, што яны робяць, ці будуць вяртацца, як яны прыстасоўваюцца, як мясцовыя да іх ставяцца, як яны ўвогуле жывуць.

- У чым менавіта будзе заключацца праца валанцёраў?

Зм. С.: Мы гатовыя ўзаемадзейнічаць у любым кірунку, дзе будзем патрэбныя. Будзем дапамагаць і ў папяровай працы, дапамагаць перасяленцам пісаць дакументы, заяўкі на падтрымку. Таксама будзем ствараць базы дадзеных тых людзей, якія могуць дапамагчы, таму што ў арганізацый ёсць вялікія акаўнты ў фэйсбуку і ў іншых сацыяльных сетках, дзе яны збіраюць інфармацыю, якую пасля трэба сістэматызаваць, абтэлефаноўваць гэтых людзей – займацца і тэлефоннай працай, і папяровай, і практычнай. Акрамя таго, мы будзем наладжваць стасункі з іншымі праваабарончымі ўкраінскімі арганізацыямі, каб надалей супрацоўнічаць, рабіць нашу дзейнасць міжнароднай, больш адкрытай і выкарыстоўваць украінскі вопыт і ў нашай надзённай працы.

- Гэта першая спроба зрабіць такую місію, ці “Вясна” ўжо раней удзельнічала ў падобнага кшталту праектах?

Зм. С.: Менавіта сістэматызаваную гуманітарную місію мы робім першы раз, але нашыя супрацоўнікі шмат дзе ўдзельнічалі ў якасці валанцёраў. Напрыклад, юрыст Наста Лойка патрапіла ў тую ж “Станцыю Харкаў” год таму і працавала ў якасці валанцёра. І менавіта дзякуючы яе кантактам і напрацоўкам мы зараз маем дамоўленнасць са “Станцыяй Харкаў” у тым, што яны прымуць нашых супрацоўнікаў. Яны нас ведаюць і мы плануем надалей развіваць гэтыя стасункі. А ўвогуле, правабарончую міжнародную дзейнасць ПЦ “Вясна” вядзе даўно. Алесь Бяляцкі, як віцэ-прэзідэнт FIDH удзельнічаў у шматлікіх місіях – гэта, да прыкладу, місія ў Кыргызстане, у  горадзе Ош, дзе быў этнічны канфлікт. Гэтая была міжнародная маніторынгавая місія па выніках канфлікту. Таму, я лічу, што такога кшталту місіі – гэта вельмі перспектыўна.  Тым больш Украіна шмат у чым падобная да Беларусі, і гэта вельмі добра, бо калі праваабаронцы выязджаюць туды, дык бачаць, што там амаль тое самае, тая самая Беларусь і людзі жывуць гэтак сама як у нас, але там зараз законы дзейнічаюць. І калі напісана ў законе, што так павінна быць, то людзі гэтага патрабуюць і дамагаюцца. Можна ўзяць, напрыклад, выбарчы закон. Я кажу пра выбары, таму што шмат на Украіне было звязана з нашымі місіямі назірання ў складзе ENEMO. Таксама і я быў у Харкаве два месяцы ў якасці доўгатэрміновага назіральніка, добра ведаю горад і абстаноўку там. Акрамя таго, я бачыў добрыя ўзаемаадносіны з мясцовымі ўладамі, якія таксама стараюцца быць адкрытымі да грамадства, бачыў як ажыццяўляецца грамадскі кантроль. І ўсе гэтыя механізмы пачынаюць дзейнічаць досыць эфектыўна.

 - Якім чынам будзе распаўсюджвацца інфармацыя пра вашую дзейнасць?

Зм. С.: Кожны дзень будзе абнаўляцца дзённік місіі, будзем пісаць пра тое, што зрабілі, што бачылі цікавага, апісваць агульную сітуацыю. Гэтая інфармацыя будзе з’яўляцца ў сацыяльных сетках, самыя цікавыя выпадкі мы будзем старацца афармляць і дасылаць рэдактарам сайта ПЦ “Вясна”, каб як мага больш людзей пачытала пра гэта, даведалася. Няма сэнсу рабіць нешта ўпотай і пра гэта не казаць. Ёсць сэнс казаць праўду якая яна ёсць і распаўсюджваць уласны вопыт. Папяровая справаздача таксама будзе, але самае істотнае –  гэта нашая дапамога людзям, напрацоўкі, кантакты і штодзённая інфармацыя, якой мы пастараемся напаўняць інфармацыйную прастору Беларусі. Пастараемся, каб інфармацыя была эфектыўнай, цікавай, карыснай. А  надалей, калі ў нас усё атрымаецца, мы б хацелі зрабіць місію пастаяннай і запрашаць да ўдзелу іншыя праваабарончыя арганізацыі, каб гэта была супольная гуманітарная місія беларускіх праваабаронцаў.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства