viasna on patreon

Генпракуратура: У "псіхушку" Вас даставілі прымусова, але далейшае лячэнне праводзілася дабраахвотна

2015 2015-06-03T10:09:29+0300 2015-06-03T10:20:53+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/kavalchuk-ivacevichy.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Валянцін Кавальчук.

Валянцін Кавальчук.

Жыхар вёскі  Вялікая Гаць Івацэвічскага раёна Валянцін Кавальчук некалькі год запар намагаецца аспрэчыць дзеянні мясцовых медыкаў і супрацоўнікаў мясцовай міліцыі, якія ў кастрычніку 2013 года гвалтоўна і незаконна накіравалі яго на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне.

Праз тыдзень знаходжання ў псіхіятрычнай бальніцы “Магілёўцы” яму паставілі дыягназ: брэдавае расстройства, лячэнне не патрабуецца, але павінен быць пад наглядам мясцовага псіхіятра. З такімі дакументамі мужчына быў выпісаны дадому. Хаця Кавальчук ніколі не стаяў на ўліку у псіхіятраў  і ніколі не звяртаўся да іх па медычную дапамогу.

Калі Валянцін Кавальчук спытаў у сябра камісіі ў псіхбальніцы, чаму яму паставілі такі дыягназ, адказ быў наступным: шмат пішаш скаргаў і не збіраешся спыняцца.

Брэсцкая абласная пракуратура тады адказала  Кавальчуку, што супрацоўнікі Івацэвіцкай міліцыі, якія гвалтоўна забіралі Кавальчука з дому пакараныя ня будуць, паколькі ў заканадаўстве не прапісана, як павінна паводзіць сябе міліцыя ў падобнай сітуацыі.

Ня змог ён дабіцца прыцягнення да адказнасці і пракурора Івацэвіцкай пракуратуры, які даў дазвол на гвалтоўнае накіраванне Кавальчука ў псіхбальніцу. Безвыніковым быў зварот і ў Брэсцкае абласное ўпраўленне аховы здароўя.
Пасля некалькі год непаразумення і ігнаравання ягонага права на аднаўленне справядлівасці, з дапамогаю юрыстаў праваабарончага цэнтру “Вясна” быў складзены зварот у Генеральную пракуратуру, які ўрэшце разгледжаны па сутнасці. З адказу, які напрыканцы мая 2015 года падпісаў намеснік начальніка аддзела па нагляду за захаваннем правоў і свабод грамадзян Павел Елісееў, вынікае наступнае:

“Урачэбна-кансультацыйнай камісіяй Івацэвічскай цэнтральнай раённай бальніцы 9 верасня 2013 года было дадзенае заключэнне, што вы мелі патрэбу ў правядзенні прымусовага псіхіятрычнага лячэння ў стацыянарных умовах у сувязі з меркаванай наяўнасцю ў Вас псіхічнага растройства, якое абумоўлівала магчымае прычыненне істотнай шкоды свайму здароўю па прычыне пагаршэння стану псіхічнага здароўя.

У сувязі з гэтым на падставе арт 29 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб аказанні псіхіятрычнай дапамогі” 11 верасня 2013 года пракурорам Івацэвічскага раёна дадзена санкцыя на правядзенне прымусовага псіхіятрычнага агляду ў стацыянарных умовах”.

Далей паведамляецца, што ўжо на месцы, у псіхіятрычнай бальніцы “Магілёўцы”, куды  прымусова даставілі Кавальчука, ён нібыта дабраахвотна даў згоду на шпіталізацыю і лячэнне.

Зразумела, што такі адказ не задаволіў Валянціна Кавальчука, таму ён мае намер звярнуцца да намесніка Генеральнага пракурора са спадзевам на тое, што справядлівасць будзе адноўленая і дзеянні івацэвічскіх псіхіятраў, пракурора, а таксама супрацоўнікаў міліцыі прызнаюць незаконнымі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства