viasna on patreon

Прапанова праваабаронцы па змене крымінальна-працэсуальнага заканадаўства заслугоўвае ўвагі

2015 2015-06-09T13:07:46+0300 2015-06-09T13:07:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/zakony.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праваабаронца Сяргей Усцінаў атрымаў адказ на свой зварот у Нацыянальны цэнтр заканадаўства і прававых даследаванняў.

Як вынікае з адказу, у цяперашні час рэалізацыя прапановы не ўваходзіць у кампетэнцыю Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў, паколькі ў адпаведнасці з планам падрыхтоўкі законапраектаў на 2015 год Цэнтр не ўдзельнічае ў падрыхтоўцы праектаў законаў па карэкціроўцы Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Разам з тым, у адказе на зварот адзначаецца, што прапанова праваабаронцы заслугоўвае увагі і можа быць разгледжана пры далейшым удасканаленні заканадаўства.

“Гэтым адказам эксперты Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь фактычна прызнаюць наяўнасць прабелу ў заканадаўстве, які я адзначаў у звароце. На сённяшні дзень крымінальна-працэсуальнае заканадаўства не прадугледжвае ўручэння копіі пратаколу агляду і канфіскацыі, тады як пры правядзенні аналагічнага працэсуальнага дзеяння - ператрусу - копія пратаколу ўручаецца. Улічваючы той факт, што агляд звязаны са уварваннем у жыллё і непасрэдна закранае канстытуцыйнае права грамадзян на яго недатыкальнасць, крымінальна-працэсуальнае заканадаўства ў гэтай частцы павінна быць зменена”, - каментуе Сяргей Усцінаў.

Праваабаронца мае намер накіраваць зварот у пастаянную Камісію па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў са спасылкай на атрыманы адказ і сваімі аргументамі.

“Я спадзяюся, што заканадаўчы орган прыме пад увагу ацэнку маёй прапановы Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў і падрыхтуе адпаведны законапраект”, - патлумачыў ён.

Нагадаем, Сяргей Усцінаў прасіў распрацаваць законапраект па ўнясенню ў Крымінальна-працэсуальны кодэкс Рэспублікі Беларусь зменаў, якія рэгламентуюць правядзенне агляду такім чынам, каб пры правядзенні агляду копія пратаколу агляду або канфіскацыі, як і ў выпадку ператрусу і выемкі, ўручалася пад распіску асобе, у якога яны былі праведзены, альбо паўналетняму члену яго сям'і.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства