viasna on patreon

Тры гады маці загінулага арыштаванага дамагаецца пакарання для супрацоўнікаў міліцыі

2015 2015-06-09T14:31:34+0300 2015-06-09T14:31:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/akulich-naliepki.jpeg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Налепкі пра смерць Аляксандра Акуліча ад рук міліцыі ў Светлагорску

Налепкі пра смерць Аляксандра Акуліча ад рук міліцыі ў Светлагорску

Мінула тры гады пасля смерці ў Светлагорскім ІЧУ адміністратыўна арыштаванага Аляксандра Акуліча. Органы следства і пракуратуры працягваюць футболіць заявы яго маці аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў міліцыі. Валянціна Акуліч не здаецца.

У канцы траўня жанчына атрымала чарговую адпіску з Пракуратуры Гомельскай вобласці, куды звярталася з патрабаваннем адмяніць рашэнне Светлагорскага раённага аддзела Следчага камітэта аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы (ад 07.02. 2015). Намеснік абласнога пракурора Генадзь Раманюк паведаміў, што яе зварот пакінуты без задавальнення.

«Праверка Светлагорскім РАСК праведзеная поўна, усебакова, аб'ектыўна і падставаў для адмены прынятага 07.02.2015 следчым працэсуальнага рашэння няма», - піша пракурорскі работнік.

Але факт застаецца відавочным: дзяжурныя па ІЧУ міліцыянты Сцешанкоў і Бачко павінны былі неадкладна выклікаць брыгаду медыкаў для аказання дапамогі затрыманаму Акулічу, які меў у ёй вострую патрэбу, але не зрабілі гэтага. Ні ўпраўленне ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама, ні адпаведнае падраздзяленне Следчага камітэта ўсё ніяк не могуць устанавіць парушэнні дзеючага заканадаўства з боку дадзеных супрацоўнікаў Светлагорскага РАУС.

Тым часам праваабаронцы "Вясны", якія дапамагаюць у падрыхтоўцы скаргаў Валянціне Акуліч, не стамляюцца цытаваць палажэнні нарматыўных актаў, якія рэгулююць дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Такім чынам, Правілы ўнутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрымання органаў унутраных спраў абвяшчаюць:

«... У адпаведнасці з п.85 Правілаў, не дазваляецца змяшчаць у спецыяльную установу асобаў з прыкметамі вострага псіхічнага, інфекцыйнага і іншых вострых захворванняў, якія патрабуюць неадкладнай медыцынскай дапамогі».

«У адпаведнасці з Правіламі ўнутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрымання органаў унутраных спраў, зацверджанымі пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 20.10.2003 № 234, хуткая (неадкладная) медыцынская дапамога асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай, аказваецца хуткай (неадкладнай) медыцынскай дапамогай дзяржаўных арганізацый аховы здароўя. Выкарыстанне асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, у якасці лекараў, фельчараў і медыцынскіх сясцёр забараняецца. У неабходных выпадках адміністрацыя ІЧУ запрашае для аказання медыцынскай дапамогі або кансультацый медыцынскіх работнікаў органаў унутраных спраў або дзяржаўных арганізацый аховы здароўя».

«Неаказанне асобе, якая знаходзiцца ў небяспечным для жыцця стане, неабходнай і відавочна неадкладнай дапамогі, калі яна загадзя магла быць аказаная вінаватым без небяспекі для яго жыцця або здароўя альбо жыцця або здароўя іншых асобаў, альбо непаведамленне належным установам або асобам пра неабходнасць аказання дапамогі з'яўляецца злачынствам і цягне крымінальную адказнасць».

На гэтыя пункты паказвалася і ў звароце маці загінулага ў абласную пракуратуру.

Акрамя таго, як указваюць праваабаронцы, следчы пакінуў без увагі і без ацэнкі доказы па справе, па ўсёй бачнасці, ужо страчаныя (паводле тлумачэнняў прадстаўніка СК у судзе): са сценаў пакоя для допытаў былі вынятыя ўзоры слядоў рэчывы бурага колеру (відавочна, крыві). У ходзе праверкі прыналежнасць крыві загінуламу Акулічу не ўстанаўлівалася. Наяўнасць слядоў яго крыві на сцяне пакоя для допытаў паўплывае на ацэнку паказанняў супрацоўнікаў ІЧУ. Гэтыя ўзоры, як высветліў суддзя ў працэсе, да справы не далучаныя.

Атрыманы адказ аб адмове ў задавальненні скаргі Валянціна Акуліч абскарджвае пракурору Гомельскай вобласці.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства