viasna on patreon

Амапаўцы спынілі набажэнства ў Гомелі, вернікаў выклікаюць у пастарунак

2015 2015-06-10T09:44:30+0300 2015-06-10T10:25:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/verniki.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Фота http://krynica.info/

Фота http://krynica.info/

Вернікаў царквы Божай «Праабражэнье» у Гомелі выклікаюць у пастарунак для апытаньняў і складаньня адміністрацыйных пратаколаў. Ні вернікі, ні пастар царквы Божай «Праабражэнье» Сяргей Нікалаенка ня ведаюць, што стала прычынай такіх дзеяньняў супрацоўнікаў міліцыі.

31 траўня міліцыянты і амапаўцы перарвалі набажэнства, якое праходзіла ў актавай залі арандаванага адміністрацыйнага будынка ў Цэнтральным раёне Гомеля. Дамова арэнды заключаная 1 сакавіка, ёсьць афіцыйнае ўзгадненьне з гарвыканкамам на правядзеньне набажэнстваў.

«Усе цудоўна ведалі, што мы там праводзім набажэнствы. Да нас неаднойчы прыходзіла на набажэнствы прадстаўніца адміністрацыі Цэнтральнага раёна. Таму нам няясна, чаму гэта адбылося і ў чым нас абвінавачваюць», — сказаў карэспандэнту Свабоды пастар Сяргей Нікалаенка.

Царква зарэгістравана і існуе з 2005 года, у 2012 годзе прайшла перарэгістрацыю. Пастар Сяргей Нікалаенка распавёў, што міліцыя і амапаўцы ўварваліся якраз пасярэдзіне набажэнства, загадалі спыніць малітву «да высьвятленьня абставінаў».

«31 траўня да нас падчас набажэнства прыйшлі міліцыя і амапаўцы, пры гэтым яны вялі апэратыўныя відэаздымкі. Яны сказалі, што нібыта паступіла тэлефанаваньне з таксафона пра тое, што ў нас праходзіць нейкае несанкцыянаванае мерапрыемства, там нібыта нейкі натоўп народу. І яны павінны правесьці праверку. Карацей, яны спынілі набажэнства. Вывелі мяне з адным з прыхаджанінаў царквы з памяшканьня, склалі на нас пратакол, таксама склалі пратакол яшчэ на пяцёх чалавек, якія там былі. Ва ўсіх апыталі адрасы, тэлефоны. Яны сказалі каб мы выйшлі з памяшканьня, маўляў, „ваша набажэнства скончылася“.

Цяпер яны тэлефануюць нашым прыхаджанам, выклікаюць іх на апытаньні ў пастарунак. Падчас гэтых апытаньняў гучалі незразумелыя пытаньні, якія дыскрымінуюць нашы правы і свабоды як грамадзянаў Беларусі. Яны пытаюцца ў вернікаў да прыкладу: „Чаму вы ходзіце ў гэтую царкву, а ня ў іншую?“ Такім чынам яны парушаюць нашы правы на свабоду веравызнаньня. Нібыта на мяне заведзены пратакол адміністрацыйнага правапарушэьня. Людзей палохаюць, што нібыта на мяне заводзяць крымінальную справу», — апавёў пастар Сяргей Нікалаенка.

Па тэлефоне пастару паведамілі, што ён мусіць прыйсьці ў апорны пункт міліцыі РУУС Цэнтральнага раёна Гомеля і падпісаць пратакол.

Пастар Сяргей Нікалаенка кажа, што раней адносіўся да рэфарматарскай праваслаўнай царквы. Але ў Гомелі яе ніхто не дазваляў рэгістраваць. Таму яму давялося стаць пад дах царквы царквы «Праабражэнье».

«Пэрыядычна я магу апрануць вопратку сьвятара, мяне ж ніхто не разрукапакладаў. То бок я як быў рукапакладзены на сьвятара, так і застаўся. Проста на дадзены момант я служу ў царкве эвангельскага кірунку».

Пастар Сяргей Нікалаенка не выключае, што ягонае служэньне не падабаецца афіцыйнай праваслаўнай царкве.

«Некаму мы не спадабаліся. Каму, мы яшчэ не ведаем. Але некаму мы яўна не спадабалаіся».

 "Гомельская Вясна"

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства