viasna on patreon

Рэжым Азербайджана ідзе беларускім шляхам

2015 2015-06-10T17:14:46+0300 2015-06-11T12:57:46+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/alieu_lukashenka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Ільхам Аліеў і Аляксандр Лукашэнка. Фота: AFP

Ільхам Аліеў і Аляксандр Лукашэнка. Фота: AFP

Закрыццё офіса АБСЕ ў Баку, забарона на ўезд у краіну замежным журналістам і міжнародным праваабаронцам - апошнія навіны з Азербайджана нагадалі «негасцінную» палітыку Лукашэнкі падчас выбараў 2010 года і леташняга Чэмпіяната свету па хакеі.

Напярэдадні I Еўрапейскіх гульняў, адкрыццё якіх адбудзецца ў Баку 12 чэрвеня, і парламенцкіх выбараў, якія пройдуць у лістападзе бягучага года, улады Азербайджана робяць усё магчымае, каб заглушыць міжнародную крытыку ў свой бок за жорсткі прэсінг грамадзянскай супольнасці

Раніцай 10 чэрвеня з Азербайджана была дэпартаваная брытанская журналістка Эма Х'юз, якая мае акрэдытацыю для асвятлення Еўрапейскіх гульняў. Пра гэта "Каўказскаму вузлу" паведамілі ў пасольстве Вялікабрытаніі ў Баку, рэкамендаваўшы з усімі пытаннямі звярнуцца да азербайджанскага боку. Атрымаць каментар у МЗС Азербайджана журналістам пакуль не ўдалося.

"Затрыманне Эмы ў аэрапорце Баку абуральнае. Азербайджанскія ўлады выдаткавалі багата грошай на прасоўванне Еўрапейскіх гульняў і запрасілі ўвесь свет прыняць удзел у спектаклі. Гэта яшчэ раз паказвае, што, нягледзячы на ​​спробы прасоўвання пазітыўнага іміджу краіны за мяжой, ёсць больш злавесная праўда, якая хаваецца за бляскам і гламурам. Кіруючаму рэжыму ёсць што хаваць, калі справа даходзіць да практыкі правоў чалавека ў краіне", - заявіла ў сувязі з гэтым Рэбека Вінцэнт, каардынатар платформы "Спорт за правы", сябрам якой з'яўляецца Эма Х'юз.

Таксама сёння праваабарончая арганізацыя Amnesty International заявіла аб тым, што ўлады Азербайджана забаранілі ўезд у краіну прадстаўнікам арганізацыі, якія павінны былі адкрываць брыфінг "Азербайджан: Рэпрэсіўныя гульні. Галасы, якіх вы не пачуеце на першых Еўрапейскіх гульнях". У паведамленні, што паступіла праваабаронцам з амбасады Азербайджана ў Лондане познім вечарам напярэдадні, гаворыцца, што "Азербайджан не ў стане вітаць місію Amnesty ў Баку ў цяперашні час" і прапануецца перанесці візіт на час пасля заканчэння Гульняў.

"Ёсць глыбокая іронія ў тым, што брыфінг, які рэзюмуе тое, як крытычныя галасы сістэматычна глушаць у краіне напярэдадні Еўрапейскіх Гульняў, не можа быць праведзены. Але замест таго, каб схаваць гэта паведамленне, дзеянні ўладаў толькі падкрэслілі свае адчайныя спробы стварыць свабодную ад крытыкі зону вакол Гульняў", - сказаў Дзяніс Крывашэеў, намеснік дырэктара праграмы Amnesty International па Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

Як адказ уладаў Азербайджана на крытыку з боку заходніх чыноўнікаў і міжнародных праваабарончых арганізацый за нарастаючы ціск на грамадзянскую супольнасць і парушэнні правоў чалавека эксперты разглядаюць і закрыццё офіса АБСЕ ў Баку, які працаваў у асноўным па двух напрамках - дэмакратыя, правы чалавека, выбары і Карабахскае ўрэгуляванне. Інфармацыя пра гэта з'явілася ў СМІ 6 чэрвеня: МЗС Азербайджана паведаміў, што з 4 чэрвеня АБСЕ даецца месяц на завяршэнне тэхнічных пытанняў датычна спынення дзеяння мемарандума аб узаемаразуменні з нагоды офіса каардынатара праектаў у Баку (статус прадстаўніцтва АБСЕ быў паніжаны з амбасады да офіса каардынатара праектаў у 2013 годзе па ініцыятыве ўрада Азербайджана). Пры гэтым тлумачэнняў пра прычыны падобнага кроку з боку МЗС не было. У офісе АБСЕ ў Вене карэспандэнту "Каўказскага вузла" таксама пацвердзілі наяўнасць ліста ад МЗС Азербайджана аб спыненні дзейнасці офіса ў Баку. Інтэрнэт-выданне нагадвае, што АБСЕ выступіла з крытыкай пасля пераабрання прэзідэнта Ільхама Аліева на трэці тэрмін у 2013 годзе, а таксама міжнародная арганізацыя крытыкавала пераслед прадстаўнікоў незалежных СМІ і медыя-НКА, прысуды праваабаронцам і актывістам у Азербайджане.

Нагадаем, што закрыццё офіса АБСЕ ў Мінску ў 2011 годзе стала адказам рэжыма Аляксандра Лукашэнкі на адзіную пазіцыю Еўрасаюза і ЗША ў ацэнцы фальсіфікацый прэзідэнцкіх выбараў 2010 года і іх жорсткую рэакцыю ў дачыненні да рэпрэсій, якія рушылі за падзеямі 19 снежня ў Мінску. Падчас Чэмпіянату свету па хакеі, які праходзіў з 9 па 25 траўня 2014 года, беларускія ўлады таксама старанна пазбаўляліся ад усіх, хто гатовы быў выказацца супраць жахлівага становішча з правамі чалавека ў Беларусі, звяртаючыся да адвольных прэвентыўных затрыманняў грамадзянскіх актывістаў, забараняючы ўезд у краіну крытычна настроеным замежным праваабаронцам, палітыкам і журналістам.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства