viasna on patreon

Правы чалавека ў Беларусі. Сакавік 2015 года

2015 2015-04-05T22:13:00+0300 2015-06-10T22:17:21+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/agliad08.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У сакавіку становішча з правамі чалавека ў Беларусі заставалася стабільна нездавальняючым. Быў вынесены смяротны прысуд 21-гадоваму жыхару Рэчыцы Сяргею Іванову. Працягвалася практыка пераследу журналістаў у адміністрацыйным парадку за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі, пры гэтым атрыманне акрэдытацыі ад беларускага МЗС па-ранейшаму было немагчымым для асобных медыяў і журналістаў. Магчымасці рэалізацыі свабоды сходаў і публічнага выказвання меркавання праз дадзены спосаб заставаліся мінімальнымі, хаця ў сакавіку зафіксаваны два выпадкі дазволу ўладаў у правядзенні мірных сходаў, заяўленых дэмакратычнымі суб’ектамі ці асобамі: дэманстрацыя да чарговых угодкаў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў Мінску 25 сакавіка і пікет супраць парушэнняў Канстытуцыі ў Капылі. Пры гэтым варта адзначыць, што, нягледзячы на санкцыянаваны характар дэманстрацыі ў Мінску, улады не змаглі ўстрымацца ад традыцыйных адвольных затрыманняў, хаця яны і не скончыліся судовымі працэсамі.

У месцах пазбаўлення і абмежавання волі працягвалі ўтрымлівацца шэсць палітвязняў: Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Юрый Рубцоў. Нягледзячы на заяўленую ўладамі падрыхтоўку да амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі, магчымасці выкарыстання дадзенага механізму адносна палітвязняў з’яўляліся мінімальнымі. На Арцёма Пракапенку, Яўгена Васьковіча і Ігара Аліневіча, якія асуджаныя па абвінавачанні ў наўмысным пашкоджанні альбо знішчэнні маёмасці, дзеянне амністыі не распаўсюджваецца; Мікалай Дзядок у канцы лютага быў асуджаны па артыкуле 411, што азначае, што ён здзейсніў наўмыснае злачынства падчас адбыцця пакарання, і амністыя да яго не можа ўжывацца; Мікалай Статкевіч мае некалькі спагнанняў, якія патэнцыйна могуць завершыцца атрыманнем статуса злоснага парушальніка рэжыму. Толькі ў адносінах да Юрыя Рубцова захоўвалася такая магчымасць, паколькі інфармацыі пра накладзеныя на яго спагнанні і, адпаведна, статусу злоснага парушальніка рэжыму да канца сакавіка не паступала.

У гэтай сітуацыі асноўныя надзеі звязваліся з палітычнымі механізмамі ўплыву міжнароднай супольнасці на беларускія ўлады дзеля вырашэння праблемы палітвязняў. Нягледзячы на прысутнасць пытання неабходнасці вызвалення палітвязняў у павестцы перамоваў заходніх палітыкаў з беларускім афіцыйным бокам, на працягу сакавіка гэта не прынесла пазітыўных зменаў. Пры гэтым адсутнасць прагрэсу ў гэтым пытанні адначасова і не ўплывала на відавочную інтэнсіфікацыю кантактаў прадстаўнікоў Еўрапейскага Саюза з беларускімі ўладамі. Так, на сустрэчы міністраў замежных спраў краін-членаў ЕС 7 сакавіка ў Рызе кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевіч заявіў, што "бачны патэнцыял для пашырэння і паглыблення адносінаў з Беларуссю". Ён адзначыў, што ў дыялогу з Мінскам застаюцца "нявырашаныя праблемы", аднак ЕС лічыць магчымым рухацца насустрач беларускім уладам. Такі адыход ад прынцыповай пазіцыі ЕС у пытанні палітвязняў пакідала ўсё меней надзеяў на змяненне іх лёсу пад уплывам знешнепалітычнага фактару пры мінімальных магчымасцях уплыву на дадзеную сферу ўнутры краіны.

Палітычныя зняволеныя, крымінальны пераслед грамадскіх актывістаў

У сакавіку палітвязень Мікалай Дзядок, які 26 лютага, за 5 дзён да завяршэння асноўнага тэрміну пакарання быў асуджаны да 1 дадатковага году зняволення ў калоніі строгага рэжыму па арт. 411 КК («злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы»), звярнуўся з адкрытым лістом, у якім заклікаў зрабіць усё магчымае дзеля адмены дадзенага артыкула. «У Канстытуцыі, Крымінальным і Крымінальна-выканаўчага кодэксах Беларусі дэкларуецца мноства добрых прынцыпаў і правоў, але ўсе яны застаюцца затаптанымі ў гразь, пакуль у Беларусі дзейнічае артыкул 411 КК, які дазваляе адправіць чалавека ў калонію на 1 год (або на 2 - па частцы другой гэтага артыкула) за нашэнне ці не нашэнне прадмета адзення, за размову з суседам па камеры(…). Вядома, мне вельмі хацелася б крычаць на ўвесь свет аб несправядлівасці і зло, якое здзейсніла і здзяйсняе са мной карная сістэма, але яшчэ больш я хачу стаць апошнім асуджаным па артыкуле 411 КК. Таму звяртаюся да міжнародных і беларускіх праваабарончых структурам, да ўсіх зацікаўленых у захаванні правоў чалавека міжнародным арганізацыям і да ўсіх неабыякавых людзей Беларусі з заклікам: зрабіць усё магчымае для адмены артыкула 411 КК». Праз некалькі дзён пасля атрымання гэтага ліста праваабронцы з ПЦ «Вясна» накіравалі зварот у Палату прадстаўнікоў з прапановай выключыць з Крымінальнага кодэксу артыкул 411, які вязні называюць артыкулам пра «незашпілены гузік».

Палітвязень Мікалай Статкевіч паведаміў праз жонку Марыну Адамовіч пра тое, як ён шляхам падачы заяваў у пракуратуру спрабуе «задакументаваць» парадкі, якія дзейнічаюць у шклоўскай калоніі адносна палітычных вязняў. Па словах М. Статкевіча, дзеля ціску на палітычных у калёніі створаная цэлая сістэма. Вязні, якія супрацоўнічаюць з адміністрацыяй у гэтым пытанні, атрымліваюць прывілеі. Гэтак, некаторым зняволеным дазволена мець нават асабістых «ад’ютантаў». М. Статкевіч накіраваў дзьве скаргі ў Генпракуратуру. У канцы студзеня паскардзіўся на тое, як праз надуманыя прычыны накладаюць пакаранні, і ў сакавіку яго азнаёмілі з адказам магілёўскага ўпраўлення ДВП, якое праводзіла праверку па скарзе, дзе адзначалася, што фактаў ужывання фізічнага і маральнага ўздзеяння не выяўлена. Пасля гэтага Мікалай Статкевіч склаў новую скаргу, у якой пералічыў факты фізічнага і маральнага ціску на яго з таго часу, як яго змясцілі ў гэтую калонію яшчэ ўлетку 2011 года. У той жа дзень, як ён кінуў у скрыню скаргу, на яго склалі чарговы пратакол аб нібыта неналежным выкананні абавязкаў і аб парушэнні рэжыму. Мікалай Статкевіч у шклоўскай калоніі знаходзіцца ў першым атрадзе, жыве ў адзінай на ўвесь атрад агульнай казарме. Палітвязень атрымаў працу па прыборцы тэрыторыі. Мікалаю Статкевічу даручана прыбіраць пляц. Прычым тэрыторыю, якую трэба прыбіраць, нядаўна ў пяць разоў павялічылі, а колькасьць прыбіральшчыкаў скарацілі. У канцы сакавіка Мікалай Статкевіч напісаў заяву ў адміністрацыю калоніі з адмовай ад так званай працы па самаабслугоўванню, паколькі лічыць яе незаконнай. У такую працу ўваходзіць прыборка тэрыторыі ў калоніі. Адмова ад працы з’яўляецца цяжкай правіннасцю. Адзін са станоўчых момантаў датычна Мікалая Статкевіча – гэта тое, што з пачатку сакавіка ён нарэшце пачаў атрымліваць асноўныя незалежныя газеты і ў яго з’явіўся доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі.

Палітвязень Ігар Аліневіч, які адбывае пакаранне ў віцебскай калоніі «Віцьба-3», атрымаў працу рознарабочага на дрэваапрацоўцы і заняты гэтай працай кожны дзень. Паводле маці палітвязня Валянціны Аліневіч, «у сына амаль не застаецца часу на кнігі і лісты, але ён не наракае, не ў ягоным характары». Колькі грошай зарабляе яе сын на гэтай працы, В. Аліневіч не ведае, паколькі гэтая тэма падчас кароткіх сустрэч паміж імі не абмяркоўваецца. Па яе словах, сын абмяжоўваецца ў перадачах, захоўваюцца праблемы з ліставаннем, паколькі не ўсе лісты даходзяць як ад вязня, так і да яго, тэлефонныя званкі вельмі рэдкія -- раз на 3 месяцы.

Смяротнае пакаранне

18 сакавіка Гомельскім абласным судом быў вынесены прысуд па крымінальнай справе раней судзімага жыхара Рэчыцы 21-гадовага Сяргея Іванова, які 29 жніўня 2013 г. жорстка забіў 19-гадовую дзяўчыну. Следства высветліла, што на момант забойства абвінавачваны быў п'яны і ўжываў псіхатропныя рэчывы. Малады чалавек накінуўся на дзяўчыну з мэтай згвалтавання. Ад жорсткага збіцця і шматлікіх цяжкіх траўмаў дзяўчына памерла. Пасля забойства злачынец забраў каштоўныя рэчы ахвяры. Прысудам суда абвінавачаны прызнаны вінаватым у хуліганстве, якое суправаджалася прымяненнем гвалту, які быў здзейснены паўторна, групай асоб, прадугледжаных ч. 2 арт. 339 КК; у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, небяспечнага для жыцця пацярпелага, з хуліганскіх меркаванняў, прадугледжаных п. 7 ч. 2 ст.147 КК; у рабаванні маёмасці, злучаным з ужываннем гвалту, небяспечнага для жыцця і здароўя пацярпелых, здзейсненым паўторна, групай асоб, прадугледжаным ч. 2 арт. 206 КК; у крадзяжы маёмасці, учыненых паўторна, групай асоб, прадугледжаным ч. 2 арт. 205 КК; у наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця іншага чалавека (забойстве), якое было здзейснена з асаблівай жорсткасцю, прадугледжанае п. 6 ч. 2 арт.139 КК Рэспублікі Беларусі. Па сукупнасці злачынстваў пастаноўлена канчаткова прызначыць абвінавачанаму выключную меру пакарання - смяротнае пакаранне - расстрэл. Па абвінавачванні ў наўмысным здзяйсненні іншых дзеянняў сэксуальнага характару, учыненых насуперак волі пацярпелай з ужываннем гвалту, што пацягнула прычыненне цяжкіх цялесных пашкоджанняў, прадугледжаных ч. 3 арт. 167 КК Рэспублікі Беларусь, абвінавачаны прызнаны невінаватым і апраўданы за недаказанасцю яго ўдзелу ў здзяйсненні дадзенага злачынства. Працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Родныя раней асуджаных да смяротнага пакарання і расстраляных працягвалі дабівацца змянення працэдуры выканання смяротных прысудаў, але беспаспяхова. 12 сакавіка суд Ленінскага раёна г. Гродна прызнаў скаргу Тамары Сялюн на дзеянні Гродзенскага абласнога суда, які адмовіў у прадастаўленні інфармацыі пра дакладны час выканання прысуду і месца пахавання яе сына Паўла Селюна, а таксама выдачы яго цела для пахавання «непадведамаснай суду». Суд палічыў, што прадастаўленне такой інфармацыі рэгламентавана крымінальна-выканаўчым заканадаўствам, таму не можа быць абскарджана ў парадку грамадзянскага судаводства. Зыходзячы са сваіх заключэнняў суд палічыў, што няма падстаў і для праверкі канстытуцыйнасці норм крымінальна-выканаўчага заканадаўства, а менавіта арт. 175 КВК, які рэгулюе парадак прывядзення ў выкананне смяротных прысудаў, Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь. Канстытуцыйны суд, куды Тамара Сялюн звярнулася з просьбай даць ацэнку арт. 175 КВК на прадмет адпаведнасці Канстытуцыі і міжнародным дамовам, і, як вынік, прыняць рашэнне аб унясенні дапаўненняў і зменаў у нацыянальная заканадаўства, адмовіўся ўзбудзіць вытворчасць па дадзеным звароце. Канстытуцыйны суд адзначыў, што падобныя пытанні Канстытуцыйны суд разглядае на падставе адпаведных прапаноў ўпаўнаважаных органаў. Акрамя таго, у адказе адзначаецца, што для грамадзян у Рэспубліцы Беларусь устаноўлены толькі ўскосны доступ да канстытуцыйнага правасуддзя.

Ужыванне катаванняў і іншых відаў жорсткага і бесчалавечнага абыходжання

У сакавіку быў апублікаваны падрыхтаваны Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Беларусь Нацыянальны даклад да ўніверсальнага перыядычнага агляду (другі цыкл). Аўтары дакладу сцвярджаюць, што зняволеныя ў Беларусі валодаюць эфектыўнымі механізмамі абскарджання незаконных дзеянняў супрацоўнікаў месцаў пазбаўлення волі. Аднак прыведзеная статыстыка гаворыць пра адваротнае. На думку дзяржавы, «Усе заявы і скаргі датычна неправамерных дзеянняў, учыненых у дачыненні да грамадзян старанна разглядаюцца і расследуюцца. У выпадку выяўлення парушэнняў вінаватыя прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. Так, у 2014 годзе Дэпартаментам выканання пакаранняў МУС Рэспублікі Беларусь зарэгістравана і разгледжана 96 зваротаў грамадзян на неправамерныя дзеянні супрацоўнікаў органаў і ўстаноў крымінальна-выканаўчай сістэмы, лячэбна-працоўных прафілакторыяў МУС. Органамі пракуратуры ў 2011 - 2014 гадах разгледжана 158 скаргаў на меры ўздзеяння ў дачыненні да асуджаных, а таксама асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай (67 у 2011 годзе, 35 - 2012, 37 - 2013, 19 - 2014). Скаргі не задаволеныя. Судамі ў 2012 - 2014 гадах разгледжана 15 спраў па скаргах асуджаных да арышту, пазбаўлення волі, пажыццёвага зняволення асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай, на прымяненне да іх мер спагнання і па скаргах адміністрацыйна арыштаваных на прымяненне да іх відаў дысцыплінарных спагнанняў. Скаргі прызнаныя неабгрунтаванымі». Колькасць пададзеных скаргаў выклікалі ў праваабаронцаў сумнеў, аднак нават і прыняўшы дадзеную колькасць за сапраўдную, застаецца найбольш важным вынік: ні адна са скаргаў не прызнана абгрунтаванай.

У пачатку сакавіка маці Ігара Пцічкіна, які памёр у СІЗА №1 у Мінску 4 жніўня 2013 года, атрымала адказ на свой зварот у Следчы камітэт Беларусі, у якім прасіла паведаміць вынікі папярэдняга расследвання прычын гібелі яе сына, выдаць даведку аб прычыне смерці, а таксама адказаць на пытанне, ці адхіляліся ад выканання сваіх абавязкаў у перыяд папярэдняга следства па крымінальнай справе службовыя асобы СІЗА №1. Жанну Пцічкіну праінфармавалі, што пры жаданні яна можа атрымаць копію пастановы аб спыненні папярэдняга расследвання, пры гэтым нагадалі,  што  “Вы ўстаноўленым парадкам папярэджаны пра недапушчальнасць разгалошвання дадзеных папярэдняга следства. Разам з тым, законам не забараняецца абмеркаванне вядомых Вам дадзеных следства з Вашым прадстаўніком [адвакатам]”. Такім чынам, у жанчыны практычна не засталося магчымасцяў атрымаць кваліфікаваную прававую дапамогу пры складанні скаргаў па справе, паколькі для гэтага патрабуецца раскрыццё некаторых дадзеных папярэдняга расследвання. Не можа Жанна Пцічкіна азнаёміць з ходам расследавання і журналістаў альбо іншых зацікаўленых асоб, каб прыдаць справе галоснасць і тым самым прымусіць следчыя органы правесці расследванне якасна і неперадузята. У адказе таксама паведамлялася: “У перыяд папярэдняга следства па крымінальнай справе службовыя асобы СІЗА №1 ад выканання службовых абавязкаў не адхіляліся”. Ігар Пцічкін памёр у Мінскім СІЗА ад спынення сэрца, але прычыны гэтага ў ходзе экспертызы цела памёрлага не былі выяўленыя.  Сваякі Ігара Пцічкіна выказвалі меркаванне, што ён памёр ад збіцця ахоўнікамі, і адзначалі шматлікія траўмы на целе нябожчыка, якія былі зафіксаваныя на фотаздымках.

Пераслед праваабаронцаў і праваабарончыя арганізацыі

У пачатку сакавіка спецдакладчык па Беларусі Савета па правах чалавека ААН Міклаш Харашці ў адмысловай заяве, прысвечанай высылцы з Беларусі праваабаронцы Алены Танкачовай, звярнуў увагу на ўмовы працы праваабаронцаў у краіне: “высылка Алены Танкачовай дэманструе тыя велізарныя выклікі, якія перашкаджаюць праваабаронцам працаваць у Беларусі". Ацэньваючы дзеянні ўладаў адносна высылкі вядомай праваабаронцы, спецдакладчык адзначыў, што "гэтая відавочна непрапарцыйная мера была зроблена ўладамі ў адплату за праваабарончую дзейнасць сп-ні Танкачовай ў краіне».

Толькі пасля публічных пратэстаў беларускіх праваабаронцаў і міжнародных арганізацый улады пачалі рэагаваць на факты пагрозаў, атрыманых гомельскім праваабаронцам Леанідам Судаленкам і ягонай сям’ёй. Гомельская гарадская пракуратура адмяніла пастанову РАУС адміністрацыі Чыгуначнага раёна аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце пагроз і запатрабавала ад міліцыі прыкласці ўсе намаганні, каб усталяваць IP-адрас тых, хто праз Інтэрнэт палохае сям’ю праваабаронцы.

Пад ціскам працягвалі заставацца праваабарончыя арганізацыі. На мяжы закрыцця апынуўся “Магілёўскі праваабарончы цэнтр” (МПЦ) -- адзіная ў Беларусі зарэгістраваная рэгіянальная праваабарончая арганізацыя. З 10 па 17 сакавіка ў Магілёўскім абласным судзе праходзіў разгляд пазову галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама аб ліквідацыі МПЦ. Падставай для падачы пазову сталі праблемы з юрыдычным адрасам арганізацыі. Як указана ў пазове, МПЦ, ажыццяўляючы дзейнасць, парушыла заканадаўства - не прадаставіла ва ўпраўленне юстыцыі дакументы, якія неабходныя для дзяржаўнай рэгістрацыі змены юрыдычнага адрасу, што ўнесены ў Статут арганізацыі. Як сцвярджаецца ў пазове, МПЦ з 5 снежня 2014 г. не размяшчалася па адрасе, які ўказаны ў ягоным Статуце, паколькі дамова арэнды была разарваная арэндадаўцам "у аднабаковым парадку". Такім чынам, МПЦ фактычна з 05.12.2014 г. не мела памяшкання для размяшчэння свайго кіруючага органа, а ў галоўнае ўпраўленне юстыцыі не былі прадастаўленыя дакументы, неабходныя для рэгістрацыі новага адрасу. Напрыканцы 2014 года абласное ўпраўленне юстыцыі ўжо спрабавала прыпыніць дзейнасць арганізацыі ў судовым парадку, але праваабаронцам тады ўдалося вырашыць праблему: яны заключылі дамову арэнды, якая і была неўзабаве разарваная арэндадаўцам. Кіраўнік МПЦ Уладзімір Краўчанка ўпэўнены, што ўсе ўласнікі памяшканняў, якія скасавалі дамову арэнды ў аднабаковым парадку, зрабілі гэта незаконна, пад ціскам мясцовай улады. Ужо падчас судовага працэсу ён змог атрымаць Гарантыйны ліст ад новага арэндадаўцы на згоду даць  арганізацыі юрыдычны адрас для ўнясення зменаў у статутныя дакументы арганізацыі, а таксама новую дамову аб арэндзе. Гэта стала падставай для прыпынення разгляду справы аб ліквідацыі арганізацыі па ўзаемнай дамове бакоў.

На беларуска-літоўскай мяжы, памежным пераходзе “Каменны Лог”, мытнікамі быў затрыманы смаргонскі праваабаронца Алесь Дзергачоў, які меў у сваім аўтамабілі 47 асобнікаў Агляду-хронікі “Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе” на беларускай і англійскай мовах. Выданне падрыхтавана Праваабарончым цэнтрам “Вясна”. Кнігі былі накіраваны на экспертызу, якая павінна ўстанавіць, ці можна іх увозіць у Беларусь.

Праваабарончы цэнтр “Вясна” ў сакавіку сутыкнуўся таксама з блакіроўкай свайго сайта пастаўшчыкамі інтэрнэт-паслуг у сувязі з унясеннем у спіс абмежаванага доступу (адносна сайта Праваабарончага цэнтра “Вясна” такое рашэнне было прынята Генпракуратурай у жніўні 2011 года). Пры спробе зайсці на старонку сайта, напрыклад, праз мабільнага аператара life на экране з’яўляўся надпіс: “Паважаны абанент life :) Вы спрабавалі наведаць рэсурс, доступ да якога забаронены на падставе: Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 лютага 2010 г. N 60 "Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт" (абзац 4 п. 13), Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 сьнежня 2014 N 6 "Аб неадкладных мерах па супрацьдзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў" (ч. 5 п. 10), Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года "Аб сродках масавай інфармацыі" (п. 3 арт. 51-1).” Блакіроўку ажыццяўлялі таксама правайдэры adsl.by (БелИнфоНет), «Деловая сеть», Iptel.by, IP TelCom (Мінск і Гомель), “Гарант” (Гомель). Аднак ужо праз два дні стала вядома з інфармацыі партала electroname.com, што са спісу абмежаванага доступу будуць выдалены ўсе сайты, у тым ліку і Праваабарончага цэнтра “Вясна”, унесеныя ў яго да 1 студзеня 2015 года, і іх блакіроўка павінна быць знятая цягам сутак.

Адвольныя затрыманні і адміністрацыйны пераслед па палітычных матывах

У сакавіку зафіксаваны даволі нізкі ўзровень адвольных затрыманняў. Да прад’яўлення абвінавачання і судовага працэсу была даведзена толькі адна справа – аднаго з лідэраў прадпрымальніцкага руху Алеся Макаева. Ён быў затрыманы на рынку “Ждановічы” ў Мінску 1 сакавіка, дзе ў гэты час байкатавалі і абмяркоўвалі сваю далейшую працу індывідуальныя прадпрымальнікі. У аддзяленні міліцыі ў яго ўзялі тлумачэнні і вызвалілі. На наступны дзень Алесь Макаеў быў затрыманы супрацоўнікамі РУУС Цэнтральнага раёна, калі выйшаў з дому ў гастраном. У аддзяленні міліцыі на яго быў складзены пратакол за парушэнне ч. 3 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, здзейснены на працягу года паўторна). Суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Вікторыя Шабуня прызнала яго вінаватым і вынесла пастанову аб накладанні штрафу ў памеры 50 базавых велічынь.

Не змаглі ўстрымацца ад адвольных затрыманняў і супрацоўнікі міліцыі, якія здзяйснялі ахову падчас санкцыянаванага масавага мерапрыемства 25 сакавіка ў Мінску. Было затрымана 5 асобаў падчас і пасля дэманстрацыі: Цімур Сідорык, які спрачаўся з супрацоўнікамі АМАПу адносна згортвання сцягу пасля завяршэння дэманстрацыі; мужчына са сцягам Азербайджану і двое 17-цігадовых хлопцаў, што прыйшлі на акцыю ў чорных балаклавах і з нацыянальнай сімволікай, якія праз тры гадзіны былі вызвалены з РУУС Савецкага раёна; для высвятлення асобы быў затрыманы былы палітвязень Эдуард Лобаў, якога адпусцілі праз 10 хвілін без складання пратаколу.

Каля пад'езда ўласнага дома ў Брэсце быў затрыманы грамадскі актывіст Сяргей Сухаверхі, які быў дастаўлены ў аддзяленне міліцыі і дапытаны наконт датычнасці да распаўсюду ўлётак, што былі расклееныя ў Пінску і нагадвалі пра лёс вядомых у Беларусі прадстаўнікоў апазіцыі, якія былі выкрадзеныя альбо зніклі. З дакументаў, з якімі паспеў азнаёміцца Сяргей Сухаверхі, вынікала, што справу аб расклейцы ўлётак вядзе пінскі аддзел КДБ. Міліцыянты пацвердзілі гэты факт і паведамілі, што іх прыспешваюць з высвятленнем усіх абставінаў згаданай справы.

Брэсцкі актывіст Андрэй Шарэнда быў затрыманы беларускімі памежнікамі, калі вяртаўся з Польшчы аўтобусам. Пасля праходжання пашпартнага кантролю на памежным пераходзе “Варшаўскі мост”ён быў накіраваны на асабісты дагляд. У часе асабістага дагляду сярод рэчаў актывіста брэсцкія мытнікі знайшлі сем сцягоў Еўрапейскага Саюза. У выніку начальнік аддзела мытнага афармлення і кантролю Вячаслаў Панасюк, які праводзіў дагляд разам з капітанам-памежнікам Шарко, прыняў рашэнне аб выняцці сцягоў для “правядзення экспертызы”.

Абмежаванні свабоды слова і права на распаўсюд інфармацыі, пераслед журналістаў

Становішча са свабодай слова і выказвання меркаванняў у сакавіку заставалася нездавальняючым.

Працягвалася практыка адмоваў журналістам, якія супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ, у афіцыйнай акрэдытацыі і адначасова – прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне парадку вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ, а дакладней – за падрыхтоўку матэрыялаў для замежных медыяў без акрэдытацыі МЗС. Так, адмову ў афіцыйнай акрэдытацыі атрымаў гродзенскі журналіст Андрэй Мялешка, якога тройчы судзілі і выносілі штрафы за падрыхтоўку матэрыялаў для “Беларускага Радыё Рацыя” без акрэдытацыі. За супрацоўніцтва з гэтым замежным СМІ без акрэдытацыі ў сакавіку была пакарана буйным штрафам у памеры 40 базавых велічынь і журналістка з Бярозы Тамара Шчапёткіна. Пры гэтым судовы працэс адбыўся нават без яе ўдзелу.

Яшчэ адзін з замежных сродкаў масавай інфармацыі, якому адмаўляецца ў акрэдытацыі і журналістаў якога рэгулярна і сістэматычна прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці – незалежны тэлеканал “Белсат”, які вяшчае на Беларусь з Польшчы. У сакавіку на 20 базавых велічынь была аштрафавана за матэрыял, змешчаны на дадзеным тэлеканале, гомельская журналістка Ларыса Шчыракова. Яна не прызнала сябе вінаватай, паколькі нормы заканадаўства аб СМІ тычацца менавіта рэдакцый СМІ, гэта значыць юрыдычных асоб, таму на яе не павінны распаўсюджвацца. Суддзя прызнаў, што сапраўды ў артыкуле 22.9 КаАП, у парушэнні якога абвінавачвалі журналістку, гаворка ідзе менавіта пра СМІ, а не фізічных асоб, але пры вынясенні рашэння адзначыў, што журналістку вінавацяць у «саўдзеле незаконнага вырабу і распаўсюду прадукцыі СМІ». Па аналагічным абвінавачанні быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і аштрафаваны на 21 базавую велічыню брэсцкі журналіст Алесь Лячўчук, які нават не атрымліваў позвы на судовае паседжанне. Падставай для складання пратакола аб адміністрацыйным правапарушэнні з’явілася публікацыя, змешчаная на інтэрнэт-старонцы тэлеканала “Белсат” за подпісам “А.Л.”.

Сакавік адзначыўся таксама хваляй папярэджанняў Міністэрства інфармацыі незалежным сродкам масавай інфармацыі. Ва ўсіх выпадках папярэджанні тычыліся дробных прыдзірак у выходных дадзеных. Папярэджанні аб парушэнні закона “Аб СМІ” былі вынесены “Газеце Слонімскай”, “Intex-Press” у Баранавічах і “Ганцавіцкаму часу”, «Борисовским новостям» і «Рекламному Боржоми» з Барысава, «Новы час». Напрыклад, для “Газеты Слонімскай” падставай для папярэджання стала тое, што ў двух лютаўскіх нумарах нібыта не быў пазначаны наклад газеты, прычым з выкладзеных на сайце PDF-версій відаць, што наклад пазначаны на самай першай старонцы СМІ. Рэдакцыю газеты “Intex-Press” у Баранавічах абвінавацілі ў парушэнні заканадаўства на падставе скарачэння слоў “РБ” замест “Рэспубліка Беларусь” у выходных дадзеных выдання. Аналагічныя прэтэнзіі Міністэрства інфармацыі вылучыла і да рэгіянальнай газеты “Ганцавіцкі час”. Пасля таго, як падобныя скарачэнні журналісты заўважылі і ў выданнях, заснавальнікамі якіх выступаюць дзяржаўныя органы ўлады, пісьмовыя папярэджанні былі вынесеныя таксама часопісу “Вожык” і баранавіцкай газеце “Наш край”. Трывожным у сітуацыі вынясення папярэджанняў СМІ з'яўляецца тое, што пасля атрымання двух папярэджанняў цягам года любое зарэгістраванае ў Беларусі СМІ можа быць закрытае праз суд.

У канцы сакавіка быў заблакаваны доступ да навіновых сайтаў "Хартыя-97" (charter97.org) і "Беларускі партызан" (belaruspartisan.org), сайта Праваабарончага цэнтра «Вясна» (spring96.org) пастаўшчыкамі інтэрнет-паслуг adsl.by (БелИнфоНет), «Деловая сеть», Iptel.by, IP TelCom (Мінск і Гомель), “Гарант” (Гомель). Гэтыя інтэрнэт-рэсурсы былі ўнесеныя ў спіс абмежаванага доступу для карыстальнікаў у дзяржаўных установах, установах адукацыі і культуры. Праз два дні пасля блакіроўкі партал electroname.com са спасылкай на «крыніцы ў тэлекамунікацыйнай галіне Беларусі» паведаміў, што са спісу абмежаванага доступу выдалены ўсе сайты, унесеныя да 1 студзеня 2015 года, і іх блакіроўка павінна быць знятая цягам сутак. Сайты, якія раней знаходзіліся ў «чорным спісе» з дадзенай даты не павінны блакавацца. Паводле electroname.com, гэта датычыць сайтаў «Хартыя-97» belaruspartisan.org, Праваабарончага цэнтру "Вясна", prokopovi.ch, europeanbelarus.org, блог Яўгена Ліпковіча і шэрагу іншых сайтаў, якія знаходзіліся ў спісе абмежаванага доступу паводле рашэння Генеральнай пракуратуры Беларусі.

Абмежаванне свабоды сходаў

Дзеянні ўладаў у сферы свабоды мірных сходаў у сакавіку насілі абмежавальны і выбарачны характар. Так, былі забаронены публічныя акцыі да Дня Волі 25 сакавіка ў Гродне, Віцебску, Бярозе, Лідзе і іншых гарадах, мітынг у Кіеўскім скверы ў Мінску, адначасова – дазволена ў Мінску дэманстрацыя. Дадзенае мерапрыемства з’яўляецца традыцыйным для беларускіх апазіцыйных рухаў і адбываецца штогод з нагоды гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі ў 1918 годзе.

Даўшы дазвол, Мінгарвыканкам пры гэтым змяніў час пачатку акцыі, прызначыўшы збор удзельнікаў у 15 гадзін, што супадае з працоўным і вучэбным часам значнай часткі грамадзян. Нягледзячы на мірны характар масавага мерапрыемства і выкананне арганізатарамі і ўдзельнікамі вылучаных патрабаванняў, улады не змаглі ўстрымацца ад адвольных затрыманняў падчас і пасля мерапрыемства, былі затрыманы пяць чалавек. Нягледзячы на тое, што затрыманыя ў хуткім часе былі вызвалены, падобныя дзеянні з боку супрацоўнікаў міліцыі насілі яўна незаконны характар. Не адпавядаў стандартам свабоды мірных сходаў і абавязак арганізатараў аплаціць празмерна вялікую суму за паслугі па ахове грамадскага парадку і працу санітарнай і медычнай служб, паколькі дадзеныя абавязкі з’яўляюцца пазітыўнымі абавязкамі дзяржавы. Ад арганізатараў патрабавалі за паслугі згодна з дамовамі з ГУУС Мінгарвыканкамам, УАЗ “Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі г.Мінска” і КУП “Мінскзелянбуд” суму, большую за 21 мільён беларускіх рублёў.

Што датычыць падставаў забароны масавых мерапрыемстваў у Дзень Волі, у розных рэгіёнах яны былі рознымі. Так, у Віцебску адміністрацыя Чыгуначнага раёна прычынай назвала адсутнасць дамоваў на абслугоўванне пікета міліцыяй і хуткай дапамогай, якія трэба заключаць папярэдне і падаваць разам з заяўкай на акцыю. Пры гэтым і міліцыя, і цэнтральная паліклініка не пагадзілася заключыць патрэбныя дамовы. У Гродна прычынай адмовы ў правядзенні пікета было названа тое, што згодна з рашэннем гарвыканкаму правядзенне масавых мерапрыемстваў у Парку Жылібера, дзе была заяўлена акцыя, не дапускаецца. У Бярозе райвыканкам адмовіў у задавальненні заяўкі на правядзенне пікета на падставе таго, што ўбачыў у адной з мэтаў “распальванне нацыянальнай варожасці або розні”. Прычым без удакладнення, у якой з дзвюх мэтаў: адзначэнні 97 угодкаў абвяшчэння БНР ці выказванні салідарнасці з палітвязнямі. Перад гэтым у пачатку сакавіка Бярозаўскі райвыканкам забараніў пікет, адной з мэтаў якога было выказванне пратэст супраць размяшчэння расійскіх ваенных баз на тэрыторыі Беларусі, расцаніўшы гэта таксама як “экстрэмізм і распальванне міжнацыянальнай розні”.

У сакавіку ўлады не далі дазволаў на масавыя мерапрыемствы рознай тэматыкі, што дае падставы сцвярджаць, што забарона публічных акцый з’яўляецца спосабам зніжэння грамадзянскай актыўнасці і абмежаваннем свабоды выказвання меркаванняў. Так, у Баранавічах не быў дазволены пікет супраць запалохвання прадпрымальнікаў і канфіскацыі тавару па надуманых прычынах. У Магілёве гарвыканкам забараніў пікет у падтрымку дзеючага прэзідэнта А. Лукашэнкі ў прыняцці закона аб дармаедах, у вылучэнні яго на пяты прэзідэнцкі тэрмін, а таксама вылучэнні на Нобелеўскую прэмію міра за пасярэдніцтва ў пытаннях усталявання міру ва Украіне. Убачыўшы ў мэтах акцыі схаваны сарказм, улады забаранілі яго, але выключна па фармальных падставах, спаслаўшыся на тое, што месца для яго правядзення (цэнтр гораду) не вызначана для дадзеных мэтаў гарвыканкамам.

Яшчэ адно дазволенае масавае мерапрыемства адбылося ў Капылі. Мясцовы грамадскі актывіст Віктар Дашкевіч здолеў дамагчыся ад уладаў згоды на правядзенне мірнага сходу супраць парушэнняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта адбылося пры ўмове правядзення акцыі не на гарадской плошчы, а на бязлюдным стадыёне і аплаце паслуг па абслугоўванні пікета ў суме паўмільёна рублёў, што для пенсіянера – заўважныя выдаткі. Варта нагадаць, што згодна з міжнароднымі стандартамі абавязак па гарантаванні бяспекі падчас масавых мерапрыемстваў ускладаюць на дзяржаву.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства