Алесь Бяляцкі - госць Вроцлаўскага Глабальнага форуму 2015
У польскім горадзе Вроцлаве сабраліся палітыкі, дыпламаты, бізнесмены, прадстаўнікі СМІ і грамадскія актывісты для абмеркавання найбольш важных праблемаў у галіне эканомікі, бяспекі і дэмакратычных каштоўнасцяў.
Шосты Вроцлаўскі Глабальны форум, арганізаваны Атлантычнай Радай ЗША, горадам Вроцлавам і Польскім інстытутам міжнародных справаў, праходзіць з 11 па 13 чэрвеня.
Сярод ключавых тэмаў канферэнцыі, якія прапрацоўваюцца на панэльных дыскусіях, - абарона і міжнародная бяспека ва ўмовах канфлікту ва Украіне і на Блізкім Усходзе, уплыў дзеянняў Расіі на трансатлантычныя адносіны і будучыня Усходняга партнёрства.
Важным момантам Форуму з'яўляецца ўрачыстае ўручэнне Прэміі Свабоды Атлантычнай Рады "асобам і арганізацыям, якія адстойваюць ідэю свабоды ў свеце і спрыяюць пашырэнню грамадзянскіх свабодаў".
Нагадаем, што Праваабарончы цэнтра "Вясна" разам з Беларускай асацыяцыяй журналістаў і Беларускім Свабодным тэатрам сталі лаўрэатамі гэтай ганаровай узнагароды ў 2011 годзе.