viasna on patreon

Перасяленка з Першамайску: Мы ня можам вярнуцца ў свой горад, пакуль там ідзе вайна

2015 2015-06-19T10:31:22+0300 2015-06-19T10:50:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pershamaisk-ato-4.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Горад Першамайск пасля абстрэлаў

Горад Першамайск пасля абстрэлаў

Беларускія валанцёры ў складзе  Праваабарончай гуманітарнай місіі ва Украіне, якія аказваюць разнастайную дапамогу перасяленцам з часова акупаванай тэрыторыі і раёнаў АТА ў Харкаве, часам выступаюць у ролі слухачоў драматычных расповядаў уцекачоў з зоны баявых дзеянняў. Адну з такіх гісторый жанчыны-перасяленкі з г. Першамайск Луганскай вобласці яны запісалі для сайта Праваабарончага цэнтру “Вясна”.

“Я з горада Першамайск. Стаханаў, Першамайск і Папаснае знаходзяцца побач. Недзе 19 ліпеня 2014 года пачалі штурмаваць Папаснае. Адлегласць паміж нашымі гарадамі каля 12 км, таму мы ведалі, што прыйдуць і да нас. Спачатку з'явіліся невядомыя ўзброеныя людзі, пачалі перакрываць дарогі й сказалі, што прыйшлі нас вызваляць. На пытанне, ад каго (бо ніякага войска ў горадзе не было), адказвалі: “Ціха, спакойна!”

22 ліпеня пачаліся першыя баі ў нашым горадзе. Ідучы на працу я ўбачыла, што ў горад завозяць вялізныя гарматы, мінамёты і расстаўляюць іх між жылых дамоў, што мяне шакіравала. Было зразумела, што ні да чаго добрага гэта не прывядзе. Бальшыня людзей, якія гэтым займаліся, былі ў цывільным адзенні, з георгіеўскімі стужкамі. Хто гэта быў, напачатку было незразумела.

Калі я ўбачыла, што за мясцоваю больніцаю пачалі ставіць гарматы, я зразумела, што будзе нешта страшнае. Нам груба загадалі хавацца па падвалах і ні аб чым не пытацца. Калі пачалі страляць з горада, мы ведалі, што будуць страляць і ў адказ. Такім чынам, з 22 ліпеня і да гэтага часу ў нашым горадзе ідуць баявыя дзеянні. Зараз, тэлефануючы родным і знаёмым, я чую ў тэлефоне выбухі. Горад моцна разбураны. 

Калі мы яшчэ жылі ў горадзе, я бачыла многа параненых, як сярод мірнага насельніцтва, так і сярод сепаратыстаў, якія занялі горад. Апошніх вывозілі на лячэнне. Праз пяць дзён, вяртаючыся зранку дамоў - бачыла шмат чачэнцаў, якія стаялі на каленях і маліліся, крычалі “Алах Акбар!”. 

У мяне пачаўся водпуск, і мы выехалі ў Харкаў. Многія людзі пазаставаліся, ня маючы магчымасці выехаць. Калі б у мяне не было ў той час водпуску й грошай, то мы б і не выехалі. А потым ужо не змаглі вярнуцца. З сотняў кватэр людзі жывуць прыкладна ў дзесяці. Частка людзей, нягледзячы ні на што, вяртаюцца дамоў, ня маючы магчымасці недзе ўладкавацца. 

Я ня ведаю, хто правы, хто вінаваты. З майго гледзішча вайна бессэнсоўная. Што да рэферэндума аб самавызначэнні Луганскай Народнай Рэспублікі, я аб ім мала што ведаю, бо сама не ўдзельнічала. Па-мойму, бальшыня людзей на яго не хадзіла. Але заварухі са скідваннем украінскіх сцягоў пачаліся яшчэ да рэферэндума. Напачатку наўзамен вывешваліся расейскія, а потым ужо пачалі вешаць луганскія сцягі. Па слухах, да мэра прыехалі нейкія людзі й загадалі правесці рэферэндум. Асабіста я ня веру, што людзі прагаласавалі за аддзяленне ад Украіны. Таксама незразумела, адкуль у так званых шахцёраў сучасная зброя – няўжо яны маглі яе набыць на свае заробкі? І чаму пенсіі выплочваюць расейскімі рублямі?
Мы ня можам вярнуцца ў свой горад, пакуль там ідзе вайна”.

Фота zn.ua, igcp.eu, segodnya.ua

Горад Першамайск пасля абстрэлаў
Горад Першамайск пасля абстрэлаў

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства