Магілёў: Да Антона Касцова завітаў таямнічы незнаёмец у форме
Чалавека ў форме цікавіла сувязь Антона з гарадскім сайтам «Наш Магілёў».
- Хутчэй за ўсё, гэта быў участковы, хоць я не ўпэўнены. Ён не прадставіўся і дакументаў ніякіх не прад'яўляў. Спытаў, ці пісаў я артыкулы для «Нашага Магілёва», асабліва пытаў пра скандальны матэрыял пра дырэктара ААТ «Стужка», які нібыта прайграў акцыі прадпрыемства ў казіно. Я яму шчыра адказаў, што ніякага дачынення да гэтага матэрыяла не маю, што наогул не журналіст і не ўваходжу ў Беларускую Асацыяцыю Журналістаў. Адзінае, што некалькі маіх здымкаў выкарыстоўваліся на гэтым сайце, але на іх няма нічога крымінальнага - толькі гістарычныя аб'екты Магілёва.
Яшчэ ён пытаўся, ці знаёмы я з Ігарам Барысавым, рэдактарам «Нашага Магілёва». Я сказаў, што ведаю яго ў першую чаргу, як палітычнага актывіста і намесніка старшыні Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай Партыі (Грамада). Уся сустрэча доўжылася хвілін дзесяць, не болей.
Напрыканцы ён сказаў, што калі падчас расследавання ўсплыве, што я меў нейкае дачыненне да матэрыялу пра дырэктара «Стужкі», то мяне можа чакаць крымінальная адказнасць і ў наступны раз мне ўжо дашлюць позву.
Па словах Антона Косцова, ніякага пратаколу міліцыянт не вёў.
Матэрыял «Дырэктар ААТ «Стужка» прайграў у казіно кватэру і акцыі прадпрыемства» з'явіўся на сайце «Наш Магілёў» у студзені 2015 года, а 12 сакавіка да рэдактара сайта Ігару Барысаву прыйшлі супрацоўнікі міліцыі з ператрусам. Яны яму паведамілі, што супраць яго ўзбуджана крымінальная справа па артыкуле 188 часткі 2 Крымінальнага кодэкса за паклёп на дырэктара ААТ «Стужка». Тады ў журналіста канфіскавалі тры кампутара і нататнік. На дадзены момант артыкул на сайце «Наш Магілёў» недаступны.