Знаёмства са “Станцыяй Харкаў”: праца, людзі, лёсы
У дзенніку “Праваабарончай гуманітарнай місія ва Украіне”, арганізаванай ПЦ "Вясна", беларускія валанцёры-праваабаронцы працягваюць дзяліцца сваімі ўражаннямі і назіраннямі ад працы ў грамадскай дабрачыннай арганізацыі “Станцыя Харкаў”.
Цэнтр. 11:00. Адчыняюцца дзверы. Чарга. Людзі са сваім пытаннямі і праблемамі. Аператары за сталамі, перад імі адзін за адным сядаюць наведвальнікі. Пачынаецца працоўны дзень.
Валанцёры. Шмат розных цікавых людзей, якія ўпэўнена робяць сваю працу. Нехта сам “адтуль”: Торэз, Горлаўка, Данецк. Нават адразу складана сказаць, што для іх гэтая праца і які клубок пачуццяў і лёсаў скруціла вайна.
Кажуць, што на сёння асноўны наплыў перасяленцаў прайшоў і людзі, якія звяртаюцца у “Станцыю Харкаў”, ужо атрымалі пэўную дапамогу, ведаюць, што рабіць, і звыкліся са сваім станам. Таму ні слёз, ні разгубленасці сярод наведвальнікаў не ўбачыш. Сум, пакора лёсу, што віхураю вайны адарваў іх ад родных мясцін і, адначасова з гэтым, змаганне з ім, з горкім лёсам, ужо на новым месцы.
Дзеці. Мабыць, самае кранальнае і непрадбачнае. Дзяўчынка 11 месяцаў, нарадзілася ў сярэдзіне ліпеня, калі ішлі маштабныя баявыя дзеянні. Дзеці, якім няма нічога цікавейшага за цацкі, што перадалі для іх неабыякавыя людзі, надзьмутыя блакітныя балонікі, што, нарэшце, нараджаюць на іх тварах усмешкі.
Дзяржава. Людзі, з якімі давялося паразмаўляць, у большасці добра адклікаюцца аб дзяржаўных структурах, што займаюццца рэгістрацыяй бежанцаў-перасяленцаў. Але пры гэтым трэба адзначыць існуючыя недахопы ў дзяржаўнай палітыцы, датычнай бежанцаў: статус часова перамешчаных асоб атрымліваюць толькі тыя, хто жыў, то бок меў рэгістрацыю на часова акупаванай тэрыторыі. Нягледзячы на тое, што кантралюемыя ўкраінскай дзяржаваю населеныя пункты, такія як Шчасце, Станіца Луганская, Пяскі, Мар'інка, Аўдзееўка, не знікаюць са стужак навін пра баявыя дзеянні, абстрэлы і руйнаванні, іх жыхары на атрыманне такога статуса права не маюць. Дзеці могуць атрымаць дапамогу толькі ў тым выпадку, калі яны выехалі з бацькамі, альбо законнымі прадстаўнікамі – апекунамі. Калі iх вывезлі сваякі, сябры, суседзі, то грошай, на жаль, не будзе. Па законе імі павінны займацца органы апекі, але ў рэчаіснасці ніхто пытанне не вырашае.
Мы. Цэнтр працуе як адладжаны механізм. Бачыш, як кожны робіць сваю справу, як яе патрабуюць людзі, міжволі пачынаеш шукаць, чым можаш дапамагчы, куды прыкласці высілкі, знайсці патрэбнае месца ў гэтым механізме. Спадзяешся, што будзеш карысным, немагчыма застацца абыякавым.