Баранавічы: каля памятнага знака ў гонар Палонкаўскай бітвы ўтворана вялікая сметніца
Каля памятнага знака ў гонар Палонкаўскай бітвы 1660 года (Баранавіцкі раён) мясцовыя жыхары ўтварылі вялікую сметніцу. А гэта гістарычнае месца, дзе войска Рэчы Паспалітай пад кіраўніцтвам гетманаў Паўла Сапегі і Стэфана Чарнецкага ўшчэнт разбілі армію маскоўскага ваяводы Івана Хаванскага. Едучы са сваіх летнікаў у Баранавічы аўтобусам, жыхары пакідаюць горы смецця са сваіх агародаў каля аўтобуснага прыпынку, нягледзячы на тое, што адразу за прыпынкам усталяваны мармуравы памятны знак у гонар пераможнай Палонкаўскай бітвы 1660 года.
– Прыкра на ўсё гэта глядзець. Людзі зусім не ведаюць і не паважаюць сваю гісторыю. Як можна на гэтым святым месцы, дзе пралілося столькі чалавечай крыві за свабоду і незалежнасць, пакідаць смецце. Канешне, мы будзем звяртацца да саміх людзей, ў жыллёва-камунальную гаспадарку і, магчыма, у раённую міліцыю, каб спыніць гэтае дзікунства і брыдкасць, – пракаментаваў грамадскі актывіст Віктар Сырыца.
Ён дадаў, што грамадскасць горада мае намер правесці ў бліжэйшы выходны дзень калектыўную талаку па добраўпарадкаванні месца Палонкаўскай бітвы.