Пачаўся працэс па зыску Ўпраўленьня юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму аб ліквідацыі ГА “Радзімічы” (Буда-Кашалёўскі раён).
21 кастрычніка ў Гомельскім абласным судзе пачаўся працэс па зыску Ўпраўленьня юстыцыі Гомельскага аблвыканкаму да ГА “Радзімічы” (Буда-Кашалёўскі раён) аб ліквідацыі.
Галоўная прэтэнзія да аб'яднаньня – яно не адпавядае статусу раённага. Па прызнаньні чыноўнікаў упраўленьня, “Радзімічы” не адпавядалі такому статусу і на момант рэгістрацыі. На заканамернае пытаньне судзьдзі Элеаноры Ядчанкі, як жа тады аб'яднаньне было зарэгістраванае, прадстаўнік упраўленьня Тацяна Стрыжнева заявіла, што “гэта была наша памылка”. Пытаньне, чаму аб'яднаньне павінна адказваць за памылку чыноўнікаў, так і засталося без адказу.
У сувязі з гэтым суд адклаў разьбіральніцтва на 3 лістапада. Апроч таго, суд зрабіў запыт да ГА “Радзімічы” на прадмет поўных сьпісаў яго сябраў, а таксама запатрабаваў прадаставіць журнал дзейнасьці. Са словаў старшыні аб'яднаньня Ігара Кекелева, бліжэйшымі днямі “Радзімічы” завершаць працу, каб вырашыць пытаньні неадпаведнасьці статусу раённага аб'яднаньня, выканаўшы ўказаньні Ўпраўленьня юстыцыі. Старшыня лічыць, што гэта дапаможа грамадзкаму аб'яднаньню пазьбегнуць ліквідацыі.
Прэс-служба Асамблеі НДА