viasna on patreon

У Мікашэвічах бацькі вучняў змагаюцца за захаванне школы

2015 2015-07-09T22:20:50+0300 2015-07-09T22:20:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/shkolnik.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Па атрыманай рэгіянальнымі прадстаўнікамі Беларускага Хельсінкаскага Камітэта афіцыйнай інфармацыі, рашэнне аб ліквідацыі Сярэдняй школы №3 горада Мікашэвічы было прынята Лунінецкім райвыканкамам “з мэтай расходвання бюджэтных сродкаў з максімальнай карысцю”. Аднак усе бацькі, якія з гэтай нагоды прынялі ўдзел у адмысловым анкетаванні бацькоўскага камітэту, такой карысці не пабачылі і выказаліся катэгарычна супраць закрыцця школы ды пераводу іх дзяцей у іншыя навучальныя ўстановы.

Самі чыноўнікі заяўляюць, што цягам 2014-2015 навучальнага года спецыялістамі аддзела адукацыі вывучалася магчымасць далейшага функцыянавання школы. Праводзіліся сустэрчы з адміністрацыяй і педагагічным калектывам, на яіх абмяркоўвалася пытанне закрыцця ўстановы адукацыі. Тым не менш, за гэты год чыноўнікі не здагадаліся падзяліцца сваімі планамі з бацькамі вучняў. Больш за тое, на пачатку навучальнага года з суседніх вёсак, дзе школы ўжо зачынілі раней, набралі вучняў у першы клас менавіта мікашэвіцкай школы №3.

Прадстаўнікі Лунінецкага райвыканкаму заяўляюць пра малую напаўняльнасць класаў у школе ды агучваюць сярэдню лічбу ў 14 чалавек. Пры гэтым чыноўнікі спасылаюцца на патрабаванне Саўміна аб напаўняльнасці класаў у 25 - 30 навучэнцаў. Тое, што паводле Кодэкса аб адукацыі напаўняльнасць класаў не мусіць перавышаць 24 навучэнцаў, лунінецкіх бюракратаў не надта бянтэжыць. Больш за тое, у школах №1 і №2 горада Мікашэвічы, куды плануецца перавесці дзяцей, некаторыя класы налічваюць да 31 навучэнца.

Адным з асноўных аргументаў чыноўнікаў аб неабходнасці закрыцця школы гучыць заява пра вялікую фізічную зношанасць будынка, пабудаванага яшчэ ў 1904 годзе, двухпавярховая прыбудова да якога была зроблена ў 1939 годзе. У той самы час гэты аргумнет не перашкаджае чыноўнікам казаць пра арганізацыю ў гэтым будынку Цэнтра дзіцячай творчасці пасля закрыцця школы.

Часам аргументацыя прадстаўнікоў мясцовай улады даходзіць да абсурда. На іх думку, сучаснай арганізацыі навучальнага працэсу перашкаджае адасобленасць будынка з пачатковымі класамі ад асноўнай школы, адасобленасць будынка сталовай, адсутнасць стадыёна і нават наяўнасць надворных туалетаў. Тое, што па санітарных нормах пачатковыя класы ды сталовая і мусяць быць адасобленымі ад асноўных навучальных памяшканняў, чыноўнікаў не бянтэжыць. Замест стварэння спартовай пляцоўкі прапануецца зачыніць школу. Якім чынам дадатковыя надворныя туалеты, пры наяўнасці ў самім будынку школы сучасных, абсталяваных усім неабходных прыбіральняў, перашкаджаюць існаванню школы-- таксама не зусім зразумела.

Зрэшты, галоўнай праблемай у сітуацыі, якая склалася вакол трэцяй мікашэвіцкай школы, з’яўляецца нежаданне чыноўнікаў чуць людзей. На думку саміх бацькоў, у школе цяпер валадарыць атмасфера ўтульнасці і дабразычлівасці. Невялікія памеры ўстановы адукацыі дазваляюць педагогам аказаць належную ўвагу дзіцяці і знайсці да кожнага індывідуальны падыход. Узровень падрыхтоўкі вучняў і створаныя тэхнічныя ўмовы ў школе бацькоў і саміх навучэнцаў у цэлым задавальняюць. Агулам бацькі выступаюць катэгарычна супраць закрыцця школы ды пераводу іх дзяцей у іншую.

Званкі бацькоў у абласны выканкам, ліставанні ў раённыя органы ўлады і асабістныя сустрэчы з аміністрацыяй школы не далі плёну. Бараніць права сваіх дзяцей на адукацыю мікашэвічцы вырашылі ў Адміністрацыі Прэзідэнта, адкуль іх зварот быў перанакіраваны ў Міністэрства адукацыі. Якім бы не быў адказ сталічных чыноўнікаў, па словах саміх бацькоў, саступаць уладам у гэтым пытанні яны не збіраюцца.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства