Арыштны дом у Баранавічах: як утрымліваюць зняволеных
Былы зняволены, уладальнік вялікай дапаможнай гаспадаркі з вёскі Арлянка Маларыцкага раёна Аляксандр Бяльчук, які адбываў 2 месяцы арышту ў арыштным доме ў Баранавічах, распавёў пра ўмовы ўтрымання ў дадзенай пенітэнцыярнай установе.
Па ягоных словах, у камеры памерам прыкладна 6 на 6 метраў утрымлівалася 10 чалавек. Памяшканне абсталявана двух’яруснымі ложкамі, у ім ёсць стол і лаўкі, на якіх трэба сядзець цэлы дзень. Прадугледжана гадзінная прагулка ў дворыку, але зняволеныя часта ад яе адмаўляліся. Адбываюць пакаранне ў арыштным доме (былой канюшні) у большасці асуджаныя за дробныя крадзяжы, парушальнікі дарожнага руху і тыя, хто не плаціць аліменты.
Аляксандр Бяльчук напісаў некалькі скаргаў на існуючыя ў арыштным доме парушэнні, але адказу не атрымаў ні на адну.
-Ты там ніхто. Вось не аддалі пры вызваленні 300 000 рублёў, пакладзеных бацькам на рахунак, і я прамаўчаў. У іншым выпадку маглі б на месяц адсідку працягнуць -- так пагражалі занадта смелым, -- адзначае былы арыштант.
Паводле Аляксандра Бельчука, на працу зняволеных ніхто не накіроўваў, і ім прыходзілася 24 гадзіны ў суткі месціцца ў задымленай камеры. Толькі за тры тыдні да заканчэння тэрміну Бяльчук і яшчэ пяцёра арыштантаў атрымалі заданне зрабіць новы плот вакол арыштнага дому замест старога. Спачатку працавалі пад наглядам прапаршчыка, пазней начальнік арыштнага дому паглядзеў на вынікі і дазволіў працаваць без нагляду, але дзяжурныя афіцэры на гэта не пагадзіліся. Па словах Бяльчука, кожны афіцэр па-свойму кіраваў пабудовай плоту: адзін кажа -- так рабіце плот, робяць; другі заступіць на дзяжурства – не так зрабілі, раскідайце, рабіце па-іншаму; трэці прыходзіць зноў загадвае валіць зробленае, каб па-ягонаму рабілі. І так па колу.
Былы зняволены адзначыў, што камера была і сталовай, і ўмывальнікам з прыбіральняй, і сушылкай з пральняй. Прыбіральня сталінскага часу – дзірка ў палозе, адкрытая на камеру. Па словах Бяльчука, прыходзілася прасціну неяк мацаваць – людзі ж побач. Адзенне мылі ў тазіку па чарзе і сушылі тут жа ў камеры, на кані (так на зэкаўскім жаргоне называецца вяроўка, якую чаплялі каля вакна або ложка. Адзенне, прапітанае камерным смуродам, ад паху не пазбаўлялася, толькі было чысцей.
Кармілі кіслай капустай на раніцу, яна ж была і на абед, і на вечар. Давалі булку чорнага хлеба на 4 чалавекі на дзень, белага - на 5 чалавек. Гарбаты налівалі мала, а цукру выдавалі запалкавую каробачку на дзень. Купіць можна было пад замову толькі гарбату, цукар – кілаграм на месяц, пячэнне ў пачках і цукеркі па 100 тысяч за кілаграм і цыгарэты, калі на рахунку былі грошы. Пахудзеў Бяльчук за 2 месяцы на 11 кілаграм.
Фота: http://baranovichi.by