viasna on patreon

Беларускія валанцёры ў Харкаве: колькасць тых, хто прыходзіць па дапамогу ўпершыню, паступова змяншаецца

2015 2015-07-14T08:32:14+0300 2015-07-20T12:50:52+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/harkau-misia-2015-07-13-1-2.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праца валанцёраў “Беларускай Праваабарончай Гуманітарнай Місіі ва Украіне” ў Харкаве ідзе сваёй чарадою: 13 ліпеня ў новай змены беларусаў прайшоў першы працоўны дзень на “Станцыі Харкаў”.

Настасся з Анісіяй пакуль займаюцца раздачай вопраткі, а Віталь з Сяргеем дапамагалі насіць рэчы. Часам здараецца, што прыходзіць маці з дзіцем, і не разлічваюць, што гумантарнай дапамогі будзе столькі. Зразумела, што да бліжэйшага прыпынку грамадскага транспарту ісці некалькі кварталаў з дзіцем і пакункамі – не зусім зручна. У такім выпадку нашыя мужчыны прапаноўваюць сваю дапамогу.

Рэдкі выпадак – калі ў зале няма наведвальнікаў. Калегі кажуць, на мінулым тыдні такога не было: тады па дапамогу звярнуліся 282 сям’і (760 чалавек), да таго ж 111 сем’яў (212 чалавек) прыйшлі на “Станцыю Харкаў” упершыню. - Гэта больш чым звычайна? – цікавімся мы ў рэгістратараў Станция "Харьков" - Не, пачынаючы з лютага, колькасць тых, хто прыходзіць упершыню, паступова змяншаецца. Канешне, ёсць сувязь з актывізацыяй баявых дзеянняў – тады паток вырастае. Мы ставім перасяленцаў на ўлік, і потым яны перыядычна прыходзяць за дапамогай. Звычайна, колькасць трымаецца на аднолькавым узроўні. Выключэнне – калі прыходзіць вялікая партыя гуманітаркі, напрыклад, у траўні, ад ААН. Мы тады разаслалі 1500 sms ( такім чынам інфармуем людзей). Вось тады было вельмі напружана.

Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне

 Ужо неаднаразова ў дзённіку місіі распавядалася пра лёсы людзей, якія дапамагаюць перасяленцам з зоны АТА. Але пад час працы валанцёры сустракаюцца і з абсалютна палярнымі персанажамі. Гэта людзі, якія прыходзяць на станцыю, зусім не па дапамогу і не дапамагаць. Сквапнасць гэтых людзей пераходзіць усе межы. Па словах пастаянных валанцёраў такіх людзей на дзень выпадае ад 1 да 3.

Найбольш абурыла гісторыя, сведкамі якой мы з'яўляліся: адна кабета, абвешаная золатам, выбіраючы сабе дзясятую пару рэчаў, размаўляе па тэлефоне: "А? Приезжай, тут вещи бесплатно раздают. Да, хорошие. Да такси возьми и приедь!" Убачыўшы новага валанцёра яны бягуць да яго, каб урваць нешта яшчэ. Мала таго, што такія людзі бяруць непатрэбныя ім рэчы ( кажуць, былі выпадкі ў далейшым продажу гэтых рэчаў ), займаюць час, месца, марнуюць нервы валанцёраў. Перыядычна замест удзячнасці ад іх чуецца хамства, зло, і, нават, праклёны... У той жа час здараюцца і адваротныя выпадкі. Напрыклад, вось што мы бачылі на ўласныя вочы: маладая маці з маленькай дачкой, абіраюць вопратку. У мяшочку ўжо ёсць камплект для немаўляці, жаночая сарочка і сукенка для дзяўчынкі. Заўважыўшы яшчэ адну сукенку дачка папрасіла ўзяць і яе, на што мама адказала: "Зайка, нужно выбрать одно платьице из двух, ведь другой девочке оно может оказаться нужнее, чем тебе." Высновы напрошваюцца самі сабой.

Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне

Даведацца больш пра надзённую працу арганізацыі "Станцыя Харкаў" і беларускіх валанцёраў можна ў раздзеле “Праваабарончая Гуманітарная Місія ва Украіне” на нашым сайце, альбо на старонцы арганізацыі “Станцыя Харкаў” у Facebook

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства