viasna on patreon

Выклік у суд праз СМС: толькі пры фіксацыі адпраўлення і дастаўкі паведамлення адрасату

2015 2015-07-14T11:23:43+0300 2015-07-14T11:23:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/sud-sms.jpg

Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” разбіралася, ці законна выклікаць людзей у суд праз мабільны тэлефон.

У Беларусі працягваюцца суды над незалежнымі журналістамі, што супрацоўнічаюць з замежнымі СМІ. Адметна, што многіх з іх суды выклікалі на разгляд адміністрацыйных спраў праз смс-паведамленні.

З такімі ноў-хаў нядаўна сутыкнуліся Тамара Шчапёткіна і Аліна Літвінчук у Брэсце, Алесь Дзянісаў і Алесь Кіркевіч у Гродне, Кастусь Жукоўскі і Наталля Крывашэй на Гомельшчыне.

Ці можна такі спосаб лічыць законным і ці варта прыязджаць у суды па такіх “позвах”?

Прэс-сакратар Вярхоўнага суда Беларусі Юлія Ляскова кажа, што такі выклік у працэс адпавядае заканадаўству і прапісаны ў Інструкцыі па справаводстве ў судах агульнай юрысдыкцыі.

У прыватнасці, там гаворыцца: “Асобы могуць быць выкліканы ў судовае паседжанне тэлефанаграмай, тэлеграмай, праз электронныя і смс-паведамленні пры фіксацыі факту адпраўлення і дастаўкі такога паведамлення адрасату”.

У адпаведнасці з Інструкцыяй, “пра здзяйсненне ўказаных дзеянняў сакратаром судовага паседжання складаецца даведка. У ёй адлюстроўваюцца звесткі пра нумар справы, прозвішчы, імя, імя па бацьку асобы, на адрас якой накіравана паведамленне, дата і час яўкі ў судовае паседжанне, паказваецца спосаб і сам тэкст паведамлення. У даведцы робіцца адзнака пра час і сакратара судовага паседжання, які адправіў паведамленне”.

Але як упэўніцца ў тым, што паведамленне сапраўды дайшло, і дайшло да патрэбнага чалавека?

– Пры сучасных тэхналогіях упэўніцца ў факце дастаўкі паведамлення вельмі лёгка. Хоць, каб да канца праясніць усе юрыдычныя акалічнасці, раю вам пісьмова звярнуцца да аўтараў інструкцыі – у Вярхоўны суд Беларусі, – раіць Юлія Ляскова.

Аўтары матэрыялу скарыстаюцца такой магчымасцю. Але нават з атрыманай на гэты момант інфармацыі вынікае, што, калі Вы раптам не атрымлі патрэбнага смс-паведамлення, ваш лёс можа быць вырашаны судом і без вас.

Старшыня ГА “БАЖ”, юрыст Андрэй Бастунец лічыць, што выклік у суд праз смс можа парушаць правы асобы на абарону. Ён звяртае ўвагу, што ў суседняй Расіі такі спосаб дазваляецца толькі з папярэдняй згоды грамадзяніна, на той нумар тэлефона, які ён сам паведаміць, і ў тэрміны, якія дазволяць яму падрыхтавацца да суда. Пры адсутнасці гэтых умоваў не забяспечваецца дэклараваная Працэсуальна-выканаўчым кодэксам Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (арт. 2.83.) абарона правоў і свабод асобы, якую прыцягваюць да адказнасці. А гэта з’яўляецца падставай для адмены пастановы аб прызначэнні адміністрацыйнага пакарання. 

Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” працягне сачыць за гэтай тэмай.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства