Супраць журналістаў-фрылансераў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча распачата чарговая адміністрацыйная справа
Гродзенская міліцыя распачала новую адміністрацыйную справу супраць журналістаў-фрылансераў Алеся Дзянісава і Алеся Кіркевіча. Абодвух зноў вінавацяць у парушэнні артыкула 22.9 частка 2 Адміністрацыйнага кодэксу Беларусі (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі). На гэты раз выклік у аддзяленне міліцыі абумоўлены тым, што журналісты маюць дачыненне да відэасюжэту, знятага ў выставачнай зале па вуліцы Ажэшкі, які пазней быў паказаны праз тэлеканал Белсат. Сёння, 20 ліпеня, Алесь Кіркевіч наведаў РАУС Ленінскага раёну, дзе ў дачыненні да яго прадстаўнік аддзелу правапарадку Аляксей Вайцешка склаў пратакол пра нібыта адміністрацыйнае правапарушэнне. Алесь Дзянісаў пакуль не змог з’явіцца ў аддзяленне міліцыі.
Цягам апошніх двух гадоў гродзенскія ўлады і праваахоўныя органы фактычна адмаўляюць журналістам у праве на прафесію. Алесь Кіркевіч і Алесь Дзянісаў неаднаразова беспадстаўна прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці паводле артыкулу 22.9 частка 2. Апошні раз 22 красавіка суддзя Ленінскага раённага суда Гродна Алена Пятрова аштрафавала кожнага з журналістаў на 20 базавых велічынь. Абскарджанне гэтых штрафаў у касацыйным парадку станоўчага выніку для фрылансераў не дало.