viasna on patreon

Маці Мікалая Дзядка: Два квадратных метра - норма плошчы на ​​аднаго чалавека ў ПКТ. Гэта жудасна!

2015 2015-07-27T14:53:04+0300 2015-07-27T15:02:30+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/mikalaj_dziadok.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Амаль месяц, як палітвязень Мікалай Дзядок знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу папраўчай калоніі №9 г. Горкі. Туды ён быў пераведзены 30 чэрвеня.

Спачатку Мікалай Дзядок знаходзіўся адзін у ПКТ памерам 5 квадратных метраў. Але праз некалькі дзён да яго змясцілі яшчэ аднаго асуджанага. Такім чынам, цяпер на кожнага з іх прыпадае каля 2,5 кв. м.

Маці Мікалая Дзядка звярнулася ў Дэпартамент выканання пакаранняў МУС, каб даведацца, якія памеры камеры прадугледжаны нормамі ўмоў утрымання асуджаных у ПКТ і ці не парушаюцца яны ў дачыненні да палітвязня.

“Знаходзячыся на прыёме ў ДВП даведалася колькасць метраў, якое належыць па нормах для ўтрымання чалавека ў памяшканні камернага тыпу, і жахнулася. Два квадратных метра на чалавека! Што ж атрымліваецца, у камеры ў Колі нават лішнія метры ёсць? Хто вызначае на якой плошчы будзе сядзець той ці іншы зняволены? Нельга ж так здзекавацца! Відавочна, спачатку на Мікалая ціснулі псіхалагічна, а зараз проста знішчаюць фізічна”, - занепакоена маці Мікалая Дзядка.

Як адзначаюць праваабаронцы, сапраўды плошча ў 2 квадратных метра на чалавека фармальна адпавядае крымінальна-выканаўчаму кодэксу ў Беларусі і замацаваная ў Пастанове МУС №174 ад 20.10.2000. На жаль, у дадзены момант ні ў якіх міжнародных прававых нормах ня замацаваны памер плошчы на ​​аднаго зняволенага. І хоць у сваіх рашэннях Еўрапейскі суд па правах чалавека не аднойчы адзначаў, што на чалавека ва ўмовах заключэння павінна прыходзіцца не менш за 4 квадратных метраў, у Беларусі ніхто не спяшацца змяняць устаноўленыя нормы.

Праваабаронцы ж лічаць, што цяпер важна змагацца за тое, каб заканадаўства ў гэтай галіне мянялася.

Нагадаем, Мікалай Дзядок адбыў 4,5 гады зняволення за нібыта хуліганскія дзеянні ў дачыненні да афіцыйных будынкаў і павінен быў выйсці на волю 3 сакавіка 2015. Аднак 26 лютага суд Ленінскага раёна Магілёва асудзіў палітвязня па артыкуле 411 Крымінальнага кодэкса «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» да 1 году зняволення ў калоніі строгага рэжыму. 30 красавіка суд касацыйнай інстанцыі пакінуў гэты прысуд у сіле.

12 мая палітвязня перавялі ў калонію г. Горкі, дзе з 50 дзён 42 сутак ён знаходзіўся ў ШІЗА «за парушэнні рэжыму адбыцця пакарання» і «адмовы ад працы». Пасля гэтага быў пераведзены ў ПКТ.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства