viasna on patreon

Глыбоцкую журналістку Таццяну Смоткіну аштрафавалі на 25 базавых велічынь

2015 2015-07-28T16:40:24+0300 2015-07-28T16:40:24+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/smotkina-taciana.gif Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Глыбоцкі райсуд прызнаў журналістку вінаватай паводле артыкула 22.9 ч.2 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі).

Судовы працэс вяла суддзя Людміла Вашчанка. Журналістка хадайнічала, каб судовы працэс праходзіў на беларускай мове, але гэтае хадайніцтва было адхілена. Сведка, супрацоўніца райвыканкаму, словы якой былі працытаваныя ў артыкуле Таццяны Смоткінай, на суд не з'явілася.

Падставай для разбіральніцтва ў судзе стаў матэрыял “Дарогі ў Глыбокім стануць пазытыўнымі", які 9 чэрвеня быў размешчаны на сайце “Беларускага Радыё Рацыя”. Паводеле пратаколу аб адміністрацыйным правапарушэнні, журналістка не мае акрэдытацыі ў якасці замежнага карэспандэнта і таму парушае заканадаўства аб СМІ падчас свае прафесійнай дзейнасці.

"Суддзя Людміла Вашчанка задавала мне шмат дзіўных, на мой погляд, пытанняў. Напрыклад, чаму я працую журналісткай, хто параіў мне гэтым займацца, ці замаўляюць мне артыкулы па канкрэтных тэмах, ці шмат за гэта плацяць. На большую колькасць такіх пытанняў я проста адмаўлялася адказваць, бо яны не маюць дачынення да справы", - распавяла Таццяна Смоткіна.

Як вынікае з матэрыялаў судовай справы, яна была ініцыявана Глыбоцкай пракуратурай: гэтая структура даручыла міліцыі правесці праверку працы спадарыні Смоткінай. 25 чэрвеня старшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаслаў Барыла склаў на яе пратакол правапарушэння за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі. Але Таццяна Смоткіна лічыць, што паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь кожны грамадзянін мае права атрымліваць інфармацыю і дзяліцца ёй з іншымі. Так яна казала і на судзе, і раней, падчас складання пратаколу ў міліцыі.

Судовае рашэнне пра пакаранне ў выглядзе штрафа памерам 4,5 мільёны рублёў Таццяна Смоткіна збіраецца абскарджваць у Віцебскім абласным судзе.

Такую ж скаргу рыхтуе і яшчэ адзін незалежны глыбоцкі журналіст Зміцер Лупач: 23 ліпеня старшыня Глыбоцкага райсуду Ірына Казак таксама аштрафавала яго на 25 базавых велічынь паводле таго самага артакула 22.9 ч.2 КаАП за супрацоўніцтва з замежным СМІ без акрэдытацыі.


Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства