viasna on patreon

Гомельская пракуратура папярэдзіла пастара Нікалаенку

2015 2015-07-29T15:06:13+0300 2015-07-29T15:06:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nikalaenka-pastar.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Пастар Сяргей Нікалаенка.

Пастар Сяргей Нікалаенка.

Гомельская гарадзкая пракуратура вынесла афіцыйнае папярэджаньне пастару пратэстанцкай суполкі Царквы Божай «Праабражэньне» Сяргею Нікалаенку. Яго падпісаў пракурор Сяргей Зайцаў.

У папярэджаньні сказана: «З інфармацыі, якая паступіла ў пракуратуру г. Гомеля з АУС Цэнтральнага раёну Гомеля, бачна, што Вы праводзіце несанкцыянаваныя рэлігійныя сходы ў актавай залі ААТ „Гомельсаўгасбуд“. За дадзенае правапарушэньне Вы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасьці.

Больш за тое, як устаноўлена, згаданыя сходы Вы праводзіце ад незарэгістраванай ва ўстаноўленым парадку рэлігійнай арганізацыі „Царква Хрыста Збаўцы“, што забаронена заканадаўствам Рэспублікі Беларусь».

Адсюль і папярэджаньне з пагрозай крымінальнай адказнасьці.

Пастар Нікалаенка паведаміў, што абласны суд адмяніў адміністрацыйны штраф, накладзены на яго ў чэрвені судом Цэнтральнага раёну, і перадаў справу на новы разгляд. Аргумэнт пракурора пра пакараньне выглядае заўчасным.

Пратэстанцкая суполка, як лічыць пастар, не парушала заканадаўства. Паводле артыкула 31 Канстытуцыі вернікі могуць вольна выяўляць свае рэлігійныя погляды самі і супольна зь іншымі. У суполкі ёсьць афіцыйны дазвол на правядзеньне набажэнства ў Гомелі — яна мае рэгістрацыю. Адзінае, чаго ў вернікаў не было, — гэта ўзгадненьня на правядзеньне набажэнства ў Цэнтральным раёне, бо на ўліку суполка значыцца ў Савецкім раёне. Пастар падаў неабходныя дакумэнты, але на той час, як міліцыя ўварвалася на набажэнства, яны не былі падпісаныя. Тэрміны падпісаньня раённая адміністрацыя чамусьці зацягнула.

Вернікі Царквы Божай «Праабражэньне» кажуць, што інцыдэнт здарыўся сёлета ў красавіку ў актавай залі Гомельсаўгасбуда, якую яны афіцыйна арандавалі. АМАПаўцы зайшлі ў залю, дзе вялося набажэнства, і адразу пачалі здымаць усіх на відэакамэру, а пасьля апытвалі прысутных, задаючы пры канцы пытаньне: «Чаму ня ходзіце ў звычайную праваслаўную царкву, чаму менавіта сюды?»

 «Гомельская Вясна».

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства