viasna on patreon

Бярозаўскі райвыканкам забараніў пікет, бо лічыць салідарнасць з палітвязнямі экстрэмізмам

2015 2015-08-01T01:25:02+0300 2015-08-01T01:25:33+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/salidarnascj-408..jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Бярозаўскі райвыканкам адмовіў праваабаронцам у задавальненні заяўкі на правядзенне пікета салідарнасці з палітвязнямі, які планаваўся на 4 жніўня – у Міжнародны дзень салідарнасці з беларускай грамадзянскай супольнасцю.

У адмове за подпісам намесніка старшыні райвыканкама Яўгена Тарасюка пазначаецца, што ў адпаведнасці з Законам РБ ад 4 студзеня 2007 года “Аб супрацьдзеянні экстрэмізму” дзяржаўныя органы абавязаны прымаць меры, накіраваныя на выяўленне і ліквідацыю прычын і ўмоў, якія садзейнічаюць экстрэмісцкай дзейнасці. Паколькі Мікалай Статкевіч, Мікалай Дзядок, Ігар Аліневіч, Арцём Пракапенка, Яўген Васьковіч і Юрый Рубцоў пакараны па агульнакрымінальных артыкулах, салідарнасць з імі падчас пікета з’яўляецца прапагандай экстрэмісцкай дзейнасці. Гэта і стала прычынай адмовы ў правядзенні масавага мерапрыемства.

Нагадаем, што гэта была не першая спроба бярозаўскіх праваабаронцаў правесці публічнае мерапремства з мэтай прыцягнуць увагу на існаванне ў Беларусі палітычных зняволеных, але кожны раз яны атрымлівалі ад мясцовага райвыканкама адмову. Заяўкі на пікеты 4 жніўня яны падавалі ўжо чацвёрты год запар. Для іх гэта асаблівы дзень, бо менавіта ў гэтую дату ў 2011 годзе быў арыштаваны іх калега Алесь Бяляцкі – кіраўнік Праваабарончага цэнтра „Вясна”. Нягледзячы на вызваленне Бяляцкага, праваабаронцы з Бярозы не збіраюцца адмаўляцца ад правядзення Дня салідарнасці, пакуль за кратамі будуць палітвязні.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства