На інтэрнэт-сайтах райвыканкамаў Магілёўскай вобласці – інфармацыя пра пікеты ў падтрымку толькі аднаго прэтэндэнта
На шэрагу інтэрнэт-сайтаў райвыканкамаў Магілёўскай вобласці з’явіліся артыкулы пра праводзімыя ў рэгіёнах пікеты па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Паказальна, што ўсе інфармацыйныя матэрыялы прысвечаны толькі пікетам па збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты дзеючага кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі і змяшчаюць фотаздымкі, дзе збор подпісаў у падтрымку гэтага прэтэндэнта ажыццяўляюць актывісты “Белай Русі”, дзяржаўных прафсаюзаў і БРСМ.
У прыватнасці, адпаведныя інфармацыйныя матэрыялы з’явіліся на інтэрнэт-сайтах Бялыніцкага, Бабруйскага, Глускага, Клімавіцкага, Клічаўскага, Асіповіцкага, Чэрыкаўскага, Магілёўскага і Краснапольскага райвыканкамаў. Многія з матэрыялаў утрымліваюць станоўчую ацэнку працы дзеючага кіраўніка краіны, распавядаючы пра тое, як актыўна жыхары рэгіёна падтрымліваюць умелага кіраўніка, які забяспечыў мір, стабільнасць і квітненне ў Беларусі.
Інфармацыю пра арганізуемыя пікеты па збору подпісаў у падтрымку іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты на райвыканкамаўскіх сайтах Магілёўскай вобласці няма, хоць у некаторых рэгіёнах Магілёўшчыны яны рэгулярна праводзяцца.