Баранавічы: акцыя салідарнасці з палітвязнямі
Баранавіцкія праваабаронцы і грамадскія актывісты 4 жніўня, у Міжнародны дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, зладзілі інфармацыйную акцыю з мэтай інфармавання пра наяўнасць палітычных вязняў у Беларусі: Мікалая Статкевіча, Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенкі і Юрыя Рубцова і патрабаваннем іх вызвалення.
– Сёння ўлады не толькі не дазваляюць легальна выказваць салідарнасць з палітзняволенымі, але і не прызнаюць сам факт іх існавання. Вось ужо 3 гады запар чыноўнікі нам забараняюць 4 жніўня праводзіць у Баранавічах пікеты ў падтрымку палітзняволеных. Таму мы вырашылі прайсціся па гарадскіх вуліцах і праінфармаваць грамадзян горада аб тым, што Беларусь – краіна, дзе людзей адпраўляюць у турму за палітычныя погляды. Адначасова мы хацелі нагадаць грамадзянам горада прозвішчы палітвязняў нашай краіны, асабліва Юрыя Рубцова, які зараз утрымліваецца ў СІЗА № 6 горада Баранавічы, – паведаміў грамадскі актывіст Мікалай Валынец.