Human Rights Watch: Спыніце здзек над Лэйлай і Арыфам Юнус!
Азербайджанскія ўлады павінны неадкладна вызваліць і спыніць пераслед Лэйлы і Арыфа Юнус, пажылых праваабаронцаў, якія знаходзяцца зараз у цяжкім стане, заявіла 6 жніўня міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch (HRW).
3 жніўня артэрыяльны ціск у Арыфа Юнуса рэзка падскочыў і ён страціў прытомнасць ў зале суду. Падчас слуханняў 4 і 5 жніўня яго стан быў не лепшы.
“Арышт і пераслед Лэйлы і Арыфа Юнус сталі пародыяй на правасуддзе, а падобны судовы працэс, улічваючы іх слабое здароўе, выклікае толькі пагарду”, - сказаў Х'ю Уільямсан, дырэктар Human Rights Watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
“Пажылы чалавек, які настолькі хворы, што не можа нават сядзець, толькі пацвярджае меркаванне, што гэта фарс і палітычна паказальны працэс”, - сказаў ён.
Эльчын Гамбар, адвакат Лэйлы Юнус, паведаміў HRW, што лекары рабілі ўколы Арыфу Юнус да і падчас слуханняў 4 і 5 жніўня, але ён з цяжкасцю мог сядзець і вялікую частку часу ляжаў на каленях сваёй жонкі ў шкляной клетцы для падсудных.
Падчас папярэдняга слуханні 15 ліпеня, Лэйла Юнус паведаміла журналістам, што ў яе мужа з'явілася пухліна на патыліцы, якая не была дыягнаставана. За апошнія 18 месяцаў Арыф Юнус перанёс два гіпертанічныя крызы і ў яго дыягнаставана сардэчная недастатковасць.
Суд, які пачаўся 27 ліпеня, ужо на завяршальнай стадыі, з заключнай заявай абвінавачванне выступіць 6 жніўня. Абарона папрасіла 10 дзён для падрыхтоўкі.
Улады закрылі доступ у суд усім незалежным журналістам і назіральнікам. Толькі некалькі дыпламатаў былі дапушчаныя да маніторынгу.
Арышт і суд над мужам і жонкай стаў часткай жорсткай кампаніі арыштаў, турэмнага зняволення і запалохванне праваабаронцаў, незалежных журналістаў, блогераў і апазіцыйных актывістаў.
“Лэйла і Арыф Юнус маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе, а не ў турме. Міжнародныя партнёры Азербайджана павінны катэгарычна і аднагалосна асудзіць гэты здзек над правасуддзем”, - сказаў Х'ю Уільямсан.