Мікалая Аўтуховіча з гіпертанічным крызам паклалі ў лякарню
У Мікалая Аўтуховіча здарыўся, хутчэй за ўсё, гіпертанічны крыз: значна падскочыў ціск, недамаганне, галаўныя болі... Відаць, далі пра сябе знаць перажыванні апошніх дзён і спёка...
Прадпрымальнік вельмі моцна ўчора расхваляваўся, калі гарадзенская калегія суддзяў адмяніла рашэнне Ваўкавыскага раённага суда ад 17 ліпеня, паводле якога органам міліцыі адмаўлялася ў падаўжэнні прэвентыўнага нагляду за ім.
"У мяне вельмі высока скочыў ціск. Яшчэ ўчора перахваляваўся з гэтымі суддзямі, бо ніяк нельга было выносіць такое беспадстаўнае рашэнне. А яшчэ ўчора ў 22.20 прынеслі мне позву ў суд. А сёння прыйшоў на працу, і мне стала дрэнна, пачало ванітаваць, балела галава, і дырэктарка выклікала хуткую. Цяпер ляжу ў шпіталі, а мой адвакат пайшоў у суд, і я пакуль нічога ня ведаю, што там будзе далей. Хоць думаю, што могуць справу разгледзець і без мяне, у нашай краіне магчымы і такі варыянт" - распавёў ён "Нашай ніве".
6 жніўня ў Ваўкавыскім раённым судзе ў 11.30 павінен быў адбыцца паўторны разгляд справы пра працягненні прэвентыўнага нагляду над Аўтуховічам. Гэта стала магчымым пасля ўчарашняга рашэння калегіі Гродзенскага абласнога суда. Сёння ж — дзень, калі тэрмін прэвентыўнага нагляду над Мікалаем Аўтуховічам сканчаецца. І таму, паводле яго, улады любым чынам імкнуцца правесці гэты суд, каб падоўжыць тэрмін прэвентыўнага нагляду за ім.