Лябедзька на пікеце прапаноўваў шукаць іншае месца працы для Лукашэнкі (фота)
Лідэр партыіі АГП заклікаў грамадзян паўдзельнічаць у конкурсе на прапанову лепшага месца новай працы для беларускага прэзідэнта падчас тэматычнага пікету супраць прэзідэнцкага Дэкрэту №3 аб тунеядстве, які прайшоў каля ўваходу ў гандлевы цэнтр “Замак”.
– Каб стварыць мільён новых працоўных месцаў, трэба працаўладкаваць аднаго чалавека, і мы рыхтуем глебу для зменаў, бо краіна замарылася ад такой формы кіравання, – распавёў прэтэндэнт у прэзідэнты. – Я магу казаць пра гэта, бо шмат паездзіў па Беларусі і бачу, што ў людзей няма цікавасці, забіта матывацыя, няма канкурэнцыі, і гэта эканамічны тупік для краіны і палітычны – для Лукашэнкі. У рэгіёнах зарплата скаладае 2-3 мільёны – гэтага хопіць, каб два разы схадзіць за пакупкамі ў “Замак”. З прыняццем дэкрэту 400000 чалавек адразу запісалі ў тунеядцы. Дэкрэт №3 – гэта абраза гонару і годнасці вялікай колькасці людзей. Такім чынам эканамічныя пытанні ў цывілізаваных краінах не вырашаюцца.
Анатоль Лябедзька намаляваў партрэт беларускага “трутня” і расказаў, якім чынам стварыць новыя працоўныя месцы:
– Тунеядзец у Беларусі – гэта працаздольны чалавек, які па нейкіх прычынах згубіў працу, і калі ён не працуе больш за 6 месяцаў, гэта ўжо падстава запісаць яго ў тунеядцы, а праз год прымусіць яго сплаціць 250 даляраў. Гэта азначае, што маладым людзям няма цікавасці шукаць працу з нізкім заробкам у Беларусі, і яны будуць проста з’язджаць з краіны. І альтэрнатыва гэтаму – праграма “мільён новых працоўных месцаў”. Ці можна ствараць новыя працоўныя месцы? Так, можна. Насупраць нас рэзідэнцыя, ужо 12-я па ліку, на збудаванне якой спатрэбілася паўмільярда даляраў. У Амерыцы новае працоўнае месца ў прамысловасці, якое стварае дзяржава, каштуе 50000 даляраў – можна лёгка падлічыць, колькі новых працоўных месцаў не створана з-за гэтага будынка.
Хтосці з пакупнікоў не звяртаў увагі на заклікі прэтэндэнта ў кандыдаты, хтосьці прыпыняўся паглядзець і крочыў далей, хтосьці падыходзіў. Так падышлі і двое зусім маладых людзей, літаральна падлеткаў, якія зацікавіліся пікетам. Хлопец стараўся зразумець, што адбываецца, а дзяўчына хавала твар і відавочна баялася камер.
– Гэта яскравы прыклад таго, што ў моладзі, з аднаго боку, ёсць цікавасць, а з іншага – у іх ўжо спрацоўвае тармазная сістэма, створаная практыкай эканамічна-фінансавай залежнасці, і гэтая праблема ляжыць у плоскасці псіхалогіі. А што ўжо казаць пра людзей, якія працуюць у вытворчасці, – пракаментаваў старшыня АГП.
Нягледзячы на вечаровы непрацоўны час, каля “Замка” назіралася вельмі няшмат людзей, за гадзіну пікета на стэндзе напісалі толькі дзве прапановы з новым месцам працы…
– Сёння назіраецца глыбокі крызіс выбарчай мадэлі. Большасць людзей пафігісты, бо ведаюць, што гэта не закранае іх жыццё, якое будзе і пасля выбараў такім жа, як і да іх, і пад час іх, і гэта вялікая праблема не столькі для апазіцыі, колькі для ўладаў, – акрэсліў сітуацыю Анатоль Лябедзька. – У людзей няма спадзявання на нешта новае. Што магло б змяніць сітуацыю, дык гэта пустыя, або паўпустыя выбарчыя участкі. Магчыма, гэта б падштурхнула ўлады мяняць фармат выбарчай кампаніі.