viasna on patreon

Iгару Аліневічу ізноў пагражае спагнанне ў калоніі

2015 2015-08-12T13:38:28+0300 2015-08-12T14:11:34+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/alinevich-10.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Як распавяла Праваабарончаму цэнтру “Вясна” маці палітзняволенага Валянціна Аліневіч, бліжэйшым часам Ігар Аліневіч чакае рашэння пра новую меру спагнання.

На гэты раз адміністрацыя калоніі “Віцьба-3” прычапілася да вопраткі Ігара Аліневіча. Сітуацыя склалася наступным чынам: раз на месяц зняволеныя ўсім атрадам у вызначаны дзень прасуюць свае робы [спецвопратка асужданых - заў. рэд.]. У гэты дзень яны апранаюць свае спартовыя касцюмы. Такі дзень адбыўся і на мінулым тыдні, але па выніку на Ігара Аліневіча склалі рапарт “за хаджэнне не па форме”. Цяпер чакаецца рашэнне аб меры спагнання за гэтае “парушэнне”.

“Сістэма карання – індывідуальная: за што не кранаюць усіх, пакараюць яго аднаго.

Мінулыя разы каралі за наступнае: ёсць графік дзяжурстваў па прыборцы, там пішацца прозвішча адказнага алоўкам, потым сціраюць адно імя, пішуць “Аліневіч” і прыцягваюць яго за тое, што ён нібыта не выйшаў на прыборку.

Па выніках усіх спагнанняў пазбавілі перадачаў і спатканняў. Бліжэйшая перадача можа адбыцца ў лютым 2016 года, калі не пазбавяць, канешне”, - кажа маці палітзняволенага.

За час знаходжання ў “Віцьбе-3” Ігар Аліневіч атрымліваў шэсць разоў ШІЗА, агулам адбыў там 70 сутак.

Зараз ён абскарджвае неправамерныя дзянні адміністрацыі ў дачыненні да яго, але пакуль безвынікова.

“Яшчэ ў красавіку 2014 палітвязень пісаў скаргу пракурору Віцебскай вобласьці, якая складалася з 35 пунктаў па парушэннях ўмоваў утрыманьня і правоў зняволеных. Яму павернулі скаргу з тым, каб адаслаў у Дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП), але спецчастка адмовіла ў перасылцы скаргі. Адказ ён так і не атрымаў”, - адзначае Валянціна Аліневіч.

Нядаўня - 27 ліпеня 2015 года - Ігар Аліневіч накіраваў у ДВП яшчэ адну скаргу на начальніка атраду Красоўскага Дзмітрыя, які адмовіўся прадставіць вязню правілы ўнутранага распарадку (ПУР), спасылаючыся на тое, што ПУР толькі для службовага карыстання. Якім будзе адказ – можна толькі здагадвацца.

Акрамя таго, у калоніі ўводзяцца ўсё новыя і новыя абмежаванні і забароны. Так забралі ўсе Кодэксы, не дазваляюць, як і раней, карыстацца юрыдычнай літаратурай. Шмат лістоў да Ігара Аліневіча не даходзяць, асабліва з-за мяжы. Зусім забаранілі гуляць зняволеным у футбол. Парушаецца тэхніка бяспекі на вытворчасці: нядаўна за тыдзень два чалавекі зрэзалі сабе пальцы на такарным станку.

Пра гэтыя і іншыя змены ў калоніі пісаў Ігар Аліневіч і ў сваім адкрытым лісце.

Нагадаем, актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч быў асуджаны 27 траўня 2011 г. судом Завадскога раёна г.Мінску па ч.2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства), ч.2 і ч.3 арт.218 КК (пашкоджаньне маёмасьці агульнанебяспечным спосабам і ў асабліва буйным памеры) да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Знаходзіўся ў калоніі №10 у Наваполацку, у ліпені 2014 года пераведзены у калонію "Віцьба-3".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства