viasna on patreon

Салігорцы выказаліся супраць ушчыльнення гарадской забудовы падчас сустрэчы з кіраўніцтвам гораду

2015 2015-08-14T11:20:43+0300 2015-08-14T11:20:43+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/saligorsk-sluhanni-1.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Пад ціскам грамадскасці кіраўніку Салігорскага райвыканкаму Аляксандру Рымашэўскаму ўсё ж такі давялося правесці паўнавартасную сустрэчу з жыхарамі гораду, абуранымі ўшчыльненнем гарадской забудовы ў раёне крамы “Лазурыт”. Раней кіраўнік раёну такую сустрэчу з грамадзянамі сарваў.

Гэтым разам чыноўнікі паводзілі сябе больш стрымана, выказалі сваю пазіцыю і паслухалі людзей.

- Было не менш за паўтары сотні чалавек. Спадар Рымашэўскі заявіў, быццам ён і не супраць адмены будаўніцтва, але ў такім выпадку ўладам нібы прыйдзецца заплаціць забудоўшчыку два мільярды рублёў штрафных санкцый за скасаванне дамовы, - распавядае пра сустрэчу мясцовы праваабаронца Леанід Мархотка. - Такі клопат аб правах бізнэсоўцаў з вуснаў нашых чыноўнікаў гучыць проста смешна, але далей адбылося нешта яшчэ больш феерычнае. Кіраўнік выканкаму прапанаваў жыхарам самім сабраць тую суму грошай, каб не будаваць гэты шматпавярховік і не высякаць гарадскі скверык.

Цікава, што сквер чыноўнікі назвалі стыхійна ўзніклым самасевам, які ніколі не прадугледжваўся будаўнічымі нормамі і планам развіцця гораду. Тут прадстаўнікоў улады асекла пажылая жанчына, якая яшчэ за Саветамі працавала ў выканкаме і займалася азеляненнем гораду. Выявілася, што і гэты сквер, і многія іншыя зялёныя зоны, знішчаныя за час кіравання раёнам Аляксандрам Рымашэўскім, ствараліся мэтанакіравана і асэнсавана ў сувязі існаваннем побач экалагічна шкодных вытворчасцяў Беларуськалія.

Заявы чыноўнікаў пра выкананне ўсіх норм абвяргае грамадскі актывіт, адмысловец у будаўнічай сферы Уладзімір Шыла:

-- Тое што цяпер робіцца ў Салігорску, гэта кропкавая пасадка дамоў. Раней гэтак рабілі ў Мінску, але цяпер пачынаюць адмаўляцца ад гэткай заганнай практыкі. То бок проста ставіцца дом і правяраюцца нормы адлегласцяў да бліжэйшых будынкаў. Але так нельга рабіць. Трэба браць увесь мікрараён і правяраць усё ў комплексе. Ці хапае інфарструктуры, ці хапае зялёных насаджэнняў, наколькі ўвогуле зручна людзям будзе там жыць. Мясцовыя ўлады павінны замовіць так званы праект дэталёвай планіроўкі ўсяго мікрараёна. Гэтую працу мусяць рабіць адмыслоўцы, якіх няшмат. Напрыклад, той жа Мінскграмадзянпраект. І яны мусяць сказаць, што гэтыя дамы туды ўлазяць. У нас жа ўлады паглядзелі на мапу, нейкае месца вольнае ёсць, па інсаляцыі праходзіць, значыцца лепяць туды чарговы шматпавярховік.

Па словах Уладзіміра Шылы, праблема яшчэ заключаецца ў тым, што прадугледжаныя генпланам развіцця гораду новыя тэрыторыі ўваходзяць у землі сельскагаспадарчага прызначэння. Адвод на іх забудову мусіць падпісаць асабіста кіраўнік дзяржавы.

- Ужо доўгі час мясцовыя ўлады імкнуцца атрымаць гэты адвод, але дагэтуль Лукашэнка нічога не падпісаў, і цяпер горад вымушаны расці ўнутар сябе, - кажа грамадскі актывіст. - Мы прапнавалі спадару Рымашэўскаму дапамогу, калі ён не можа сам дамовіцца па гэтым пытанні са сваім шэфам. Абвесцім у горадзе збор подпісаў і накіруем іх да дня выбараў у адміністрацыю прэзідэнта. На жаль, кіраўнік райвыканкаму ад нашай дапамогі адмовіўся і заверыў, што вырашыць гэтае пытанне сам.

Напрыканцы сустрэчы ўсе незадаволеныя грамадзяне адзінагалосна прагаласавалі супраць будаўніцтва шматпавярховіка на месцы гарадскога сквера.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства