У Гродне журналістаў судзяць за матэрыял пра мастацкую выставу “Лялькі”
У Гродне 14 жніўня пачаўся адміністрацыйны працэс па справе журналістаў Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава. Вядзе працэс суддзя Юрый Казакевіч. Самі журналісты на пачатак разгляду па невядомых прычынах не з’явіліся. Алесь Дзянісаў даўно ў ад’ездзе і хутчэй за ўсё ўвогуле не ведаў пра дату судовага разбіральніцтва.
На першым паседжанні суддзя апытаў двух сведкаў – загадчыцу гарадской выставачнай залы, што па вуліцы Ажэшкі, Ірыну Сільвановіч і яе мужа, вядомага гродзенскага мастака Аляксандра Сільвановіча. Яны пацвердзілі, што ў чэрвені бягучага года журналісты бралі інтэр’ю ў час адкрыцця мастацкай выставы пад назвай “Лялькі”. Гэтая выстава арганізоўвалася пры ўдзеле консульства Літвы ў Гродне.
Абодвух журналістаў зноў вінавацяць у парушэнні артыкула 22.9 частка 2 Адміністрацыйнага кодэксу Беларусі (незаконны выраб і распаўсюд інфармацыі). У міліцыі ў ліпені бягучага года быў складзены пратакол на падставе таго, што Кіркевіч і Дзянісаў маюць дачыненне да відэасюжэту, знятага ў выставачнай зале па вуліцы Ажэшкі, што ў Гродне, які пазней быў паказаны праз тэлеканал Белсат. Пазней суддзя пераносіў працэс з-за недапрацоўкі міліцыі, якая не зрабіла афіцыйнага запыту ў МЗС Беларусі пра акрэдытацыю Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава.
Працяг судовага паседжання прызначаны на 11.30 19-га жніўня.