Баранавічы: гарвыканкам не дазволіў пікет супраць збяднення
Баранавіцкі гарвыканкам не дазволіў прафсаюзнаму актывісту Рыгору Грыку правесці пікет супраць збяднення і матэрыяльнага пагаршэння працоўных і пенсіянераў, які ён планаваў правесці 22 жніўня. У пісьмовым адказе за подпісам намесніка старшыні гарвыканкама Дзмітрыя Касцюкевіча ўказваецца, што заяўленая мэта пікета не адпавядае рэчаіснасці.
– Я хацеў абмеркаваць з жыхарамі горада імклівае падвышэнне коштаў і скарачэнне заробкаў. Я сам рабочы і часта сустракаюся і размаўляю з такімі ж працоўнымі іншых прадпрыемстваў горада, якія гавораць пра заробкі ў памеры 3-3,5 млн. рублёў і пагаршэнне свайго цяперашняга матэрыяльнага становішча. Але чыноўнік, спасылаючыся на артыкул “Як жыве горад” у афіцыйнай газеце Баранавіцкага гарвыканкама, сцвярджае, што прыведзеныя ў мэце пікета факты аб росце коштаў, скарачэнні грашовых паступленняў у гарадскі бюджэт, збядненні насельніцтва не адпавядаюць рэчаіснасці. Маўляў, у Баранавічах няма збяднення і пагаршэння матэрыяльнага становішча, а скрозь стабільнасць і рост дабрабыту. Аказваецца, працоўныя хлусяць, калі гавораць пра свае нізкія заробкі, а “праўда” напісана ў афіцыйнай газеце гарвыканкама, – пракаментаваў Рыгор Грык.
Грамадскі актывіст упэўнены, што гарвыканкам забараніў пікет таму, што не хоча адкрытай дыскусіі з працоўнымі пра цяперашняе сацыяльна-эканамічнае і фінансавае становішча, пра рост коштаў і збядненне людзей.