«Без свабоды слова няма сумленных выбараў» (фотарэпартаж з пікету АГП)
Тэматычны пікет «Без свабоды слова няма сумленных выбараў» правялі 18 ліпеня актывісты партыі АГП каля сталічнага ЦУМа. Менавіта ў такім фармаце Аб’яднаная грамадзянская партыя збірала подпісы за вылучэнне свайго лідара Анатоля Лябедзькі кандыдатам у прэзідэнты.
Рашэнне правесці акцыю ў падтрымку журналістаў-фрылансераў і свабоды слова ў краіне прынята невыпадкова, паколькі журналісты незарэгістраваных альбо не маючых акрэдытацыі ў Беларусі сродкаў масавай інфармацыі вельмі часта адчуваюць на сябе ціск уладаў: адміністрацыйныя працэсы, пракурорскія папярэджанні. Па стане на 30 чэрвеня журналістам –фрылансерам згодна пастаноў судоў вынесена штрафаў на суму болей за 108 мільёнаў рублёў. Удзельнікі пікету зачыталі спіс усіх журналістаў, прыцягнутых сёлета ўладамі да адміністрацыйнай адказнасці за прафесійную дзейнасць, і заклікалі падпісацца пад заявай у абарону фрылансераў.
На акцыі прысутнічалі старшыня АГП Анатоль Лябедзька, старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец, шматлікія прадстаўнікі незалежных СМІ, журналісты-фрылансеры.
Сябры ініцыятыўнай групы Анатоля Лябедзькі пад час тэматычнага пікету змаглі сабраць каля двух дзесяткаў подпісаў за вылучэнне свайго лідара. Паказальна, што побач з пікетам АГП збіраліся подпісы за Віктара Цярэшчанку, аднак ніхто за паўгадзіны да стэнда так і не падыйшоў.
За акцыяй пільна сачылі супрацоўнікі міліцыі і КДБ у цывільным, вялася аператыўная відэафіксацыя, аднак гэта не вельмі бянтэжыла мінакоў. Якія падыходзілі да пікетоўцаў, распытвалі іх пра сітуацыю са свабодай слова. Мужчына сярэдніх год нават здзіўлена запытаўся: “Гэта што за падзея, няўжо выпусцілі палітычных?”. Фінальную кропку у акцыі паставіў макет тэлевізара з красамоўным надпісам на экране “Посмотрел БТ – переключи за собой», які ўрачыста паклалі ў сметню.
Пікет «Без свабоды слова няма сумленных выбараў» доўжыўся крыху болей за 20 хвілінаў, абыйшлося без затрыманняў.