viasna on patreon

На матчы БАТЭ — "Партызан" затрымалі заўзятара ў майцы з “Пагоняй”

2015 2015-08-20T14:29:20+0300 2015-08-20T14:29:20+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pagonia-gerb.jpg
Абвінавачаныя малявалі на будынках герб "Пагоня"

Абвінавачаныя малявалі на будынках герб "Пагоня"

Пры гэтым міліцыя не адрэагавала на вялікі імперскі сцяг, вывешаны фанатамі сербаў, хоць гэты сімвал нерэкамендаваны УЕФА для праносу на стадыёны.

Падчас матчу плэй-оф кваліфікацыі Лігі Чэмпіёнаў БАТЭ-"Партызан" міліцыя затрымала беларускага заўзятара ў майцы з гербам "Пагоня".

“Я адсядзеў на трыбуне першы тайм. Калі быў перапынак, адышоў купіць вады, вярнуўся. А тут АМАП: “Пройдзем”. Мне сказалі, што герб “Пагоня” ў нас забаронены. Мяне завялі ў аўтобус”, — узгадвае Уладзімір, які ў выніку прапусціў увесь другі тайм і не пабачыў, як Міхаіл Гардзяйчук забіў адзіны гол у вароты гасцей.

Мужчына сцвярджае, што не цікавіцца палітыкай, але “Пагоню” лічыць гістарычным беларускім сімвалам. Таму і вырашыў, што футбольная гульня — самае дарэчнае месца для таго каб апрануць “крамольную”, як аказалася, майку, якую яму нядаўна падарылі на Дзень нараджэння.

Нічога жахлівага ў гэтым аўтобусе не адбывалася. Адзінае, што мяне абазвалі апазіцыянерам, — працягвае Уладзімір. — Мне патлумачылі, што прыйсці на футбол я мог з сімволікай БАТЭ альбо “Партызана”. Калі б я з’явіўся ў майцы з сённяшнім дзяржаўным гербам, то мне б таксама нічога не прад’явілі. На футбол я прыйшоў з сябрамі, адзін з іх сілавік. Ён мяне забраў і прыхапіў з сабой майку. А так, мяне, як ён сказаў, пасадзілі б на суткі ў мэтах прафілактыкі”.

Уладзімір паведамляе пра яшчэ аднаго хлопца, якога завялі ў аўтобус за “крамольны” шалік.

“Як сказалі амапаўцы, на шаліку было нешта “з чарцямі”. Што там было менавіта, я дакладна не скажу. Гэтага хлопца павезлі на Будаўнікоў, 14 у аддзяленне міліцыі”, — заканчвае аповед пра прыгоды на футболе Уладзімір.

У той жа час сілавікі не звярталі ўвагі на імперскі сцяг, што вывесілі на гасцявой трыбуне фанаты маскоўскага ЦСКА, якія прыехалі падтрымаць сербаў. У тым ліку, і гэты сімвал выкарыстоўваўся як афіцыйны ў Расійскай Імперыі. А сённяшнія яго прыхільнікі — найчасцей асобы ультраправых поглядаў — выступаюць за пашырэнне межаў сучаснай Расіі з уключэннем туды Беларусі, Украіны, краін Балтыі, Фінляндыі і часткі Польшчы. Сімвал з 2008 года нерэкамендаваны УЕФА для праносу на стадыёны. Грамадская арганізацыя FARE (Футбол супраць расізму ў Еўропе), якая супрацоўнічае з УЕФА, лічыць гэты сімвал правакацыйным.

Падчас гульні БАТЭ-Партызан ля імперскага сцяга круціліся супрацоўнікі ў цывільным з рацыямі, але прад’яўляць прэтэнзіі прыезджым фанатам ніхто не стаў. Замест гэтага сілавікі пераключыліся на сваіх, хоць ні “Пагоня”, ні бел-чырвона-белы сцяг, якія з'яўляліся дзяржаўнымі сімваламі ў пачатку 1990--, афіцыйна не з’яўляюцца забароненымі.

У 2015 годзе кантрольна-дысцыплінарны камітэт УЕФА падняў пытанне ў сувязі з дэманстрацыяй імперскага сцягу падчас гульні “Чарнагорыя-Расія”. Расійскі футбольны саюз быў аштрафаваны. Што праўда, на рашэнне паўплывала не толькі дэманстрацыя імперскага сцяга, але і іншыя рэчы: спальванне сцяга ЗША перад матчам ды іншае.

Спрэчны трыкалор тым часам набірае у нашай суседскай краіне ўсё большую папулярнасць. Летась дэпутат Дзярждумы РФ Міхаіл Дзегцяроў прапанаваў на афіцыйным узроўні замяніць расійскі трыкалор на імперскі сцяг, што, на яго думку, “адпавядае апошнім тэндэнцыям адраджэння краіны”. Прапанова ўсур’ёз абмяркоўвалася цэнтральнай расійскай прэсай, але папраўкі ў закон “Аб дзяржаўным сцягу РФ” дагэтуль не ўнеслі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства