viasna on patreon

Гомель: суд аштрафаваў пастара за правядзенне набажэнства

2015 2015-08-20T19:28:42+0300 2015-08-20T19:28:42+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nikalaenka-siargej.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У Гомелі 20 жніўня суд Цэнтральнага раёна прыняў рашэнне прызнаць пастара Царквы Божай «Пераўтварэнне» (Преображение) Сяргея Нікалаенку вінаватым у парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства (ч.2 арт. 23.34 КаАП). Святара пакаралі штрафам у памеры 20 базавых велічынь (3,6 мільёна рублёў). Гаворка ідзе пра нядзельнае набажэнства, якое праводзіў пастар 31 траўня, у свята Тройцы, і на якое ўварваліся супрацоўнікі міліцыі і АМАП.

Раней суд Цэнтральнага раёна Гомеля ўжо караў пастара за дадзенае правапарушэнне, але абласны суд адмяніў дадзенае рашэнне і накіраваў справу на новы разгляд.

На судзе святара таксама вінавацілі ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі – рэфарматарскай праваслаўнай Царквы Хрыста Збаўцы, але фактычна доказаў гэтаму не было здабыта. Як доказ былі прадстаўлены раздрукоўкі з інтэрнэту, у прыватнасці, запісы і здымкі на асабістай старонцы Сяргея Нікалаенкі ў сацыяльнай сетцы. Пастар сцвярджаў, што дзейнічае ад імя царквы «Пераўтварэнне», і прадставіў гэтаму шэраг доказаў, у тым ліку неабходныя дакументы. 20 жніўня суд «замацаваў базу доказаў» кнігамі аўтарства пастара, у тым ліку выданнем «Бераг надзеі». У кнізе пазначана, што аўтар – Сяргей Нікалаенка, мае дачыненне да Царквы Хрыста Збаўцы.

«У Беларусі ўлады вельмі жорстка сочаць за дзейнасцю незарэгістраваных рэлігійных арганізацый. Але доказаў, што Сяргей Нікалаенка дзейнічаў ад імя менавіта Царквы Хрыста Збаўцы, няма, калі глядзець усе дакументы, якія ён прадставіў. Тое, што ён выдаў нейкія кнігі – гэта не доказ, гэта яго асабістая справа. Ён мае права пісаць на любую тэму. Таму што калі, напрыклад, праваслаўны святар выдасць кнігу, у якой будуць адлюстраваны пратэстанцкія погляды, то хай з ім разбіраецца кіраўніцтва царквы, пры чым тут улады?», - пракаментаваў рашэнне суда праваабаронца, сябра БХК Віктар Адзіночанка.

Пастар лічыць, што выдадзеная кніга «Бераг надзеі» не мае ніякага дачынення да разгляду адміністрацыйнай справы, і не павінна была ўплываць на рашэнне суда. «Пытанне яшчэ ў тым – хто прадставіў суду гэтую кнігу? Наўрад ці міліцыя, як тут гаворыцца. Напэўна, ёсць нейкія зацікаўленыя асобы, і цікава было ведаць – хто яны», - заўважыў Сяргей Нікалаенка.

Ён дадаў, што царква нясе людзям «разумнае, добрае, вечнае», змяняе людзей да лепшага, і хрысціяне - не злачынцы. «Няправільна ставіць нас у адзін шэраг з тымі, ххто сапраўды парушае закон», - падкрэсліў пастар.

Дарэчы, пакаралі ўлады і зарэгістраваную Царкву Божую «Пераўтварэнне», не дазволіўшы праводзіць набажэнствы ў памяшканні, якое арандавала рэлігійная суполка. Цікава, што камісія пры адміністрацыі Цэнтральнага раёна Гомеля, якая дае дазвол на правядзення набажэнстваў, праводзіць свае паседжанні толькі раз на шэсць месяцаў, і рэлігійныя суполкі не маюць права праводзіць службы без дазволу, пакуль іх заяву не разгледзяць улады. Царква Божая «Пераўтварэнне» не атрымала такі дазвол «за сістэматычнае парушэнне заканадаўства» - маецца на ўвазе, што яны праводзілі нядзельнае набажэства, не дачакаўшыся паперкі з адміністрацыі раёна.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства