viasna on patreon

Валянцін Стэфановіч: момант вызвалення палітвязняў абраны не выпадкова

2015 2015-08-23T14:00:49+0300 2016-05-26T21:41:00+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/lukashenkaa.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Вызваліўшы Мікалая Статкевіча і яшчэ пецярых палітвязняў, Аляксандр Лукашэнка чакае крокаў у адказ з боку ЕС і ЗША, заявіў у інтэрв'ю БелаПАН намеснік старшыні ПЦ "Вясна".

«Мне здаецца, момант вызвалення палітвязняў абраны не выпадкова. З выбарамі атрымліваецца трохі смешная гісторыя. Дзеянні ўсіх таварышаў, якія заявілі аб сабраных подпісах, выклікаюць сумневы, - сказаў ён. - Вызваленне палітвязняў можа згладзіць шурпатасці правядзення выбараў. Хоць улады і так стараліся іх згладжваць, не рэагуючы на ​​некаторыя крокі апазіцыйных прэтэндэнтаў».

Стэфановіч мяркуе, што Лукашэнка, падпісаўшы ўказ аб памілаванні, «можа разлічваць на сустрэчныя крокі, як мінімум, скарачэнне або поўную адмену санкцый, паляпшэнне адносін з ЕС, рашэнне фінансавага пытання».

Рашэнне Лукашэнкі памілаваць палітвязняў, лічыць праваабаронца, звязана з агульнай сітуацыяй вакол Беларусі.

«Гэта і геапалітычная сітуацыя, і выбарчая кампанія, і жаданне наладзіць паўнавартасны дыялог з ЕС і ЗША. Больш за паўгады мы назіралі за прыездамі разнастайных высокапастаўленых заходніх чыноўнікаў. У аднабаковым парадку часткова ўжо былі знятыя санкцыі ў дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Не апошнюю ролю адыгрывае і цяжкая эканамічная сітуацыя, бо ўрад мае патрэбу ў грошах», - сказаў ён.

Стэфановіч звяртае ўвагу на тое, што прэзідэнт падпісаў «указ аб памілаванні без наяўнасці саміх прашэнняў аб памілаванні». Пры гэтым некалькі месяцаў таму ён адмовіў Арцёму Пракапенку ў задавальненні просьбы аб памілаванні.

«Мы, праваабаронцы, гэты крок уладаў, вядома, вітаем, - заявіў Стэфановіч. - Гэта менавіта той крок, якога мы дамагаліся, на якім настойвалі, якога патрабавалі. Прычым гэтага патрабавалі не толькі мы, але і міжнародная праваабарончая супольнасць».

У той жа час, адзначыў праваабаронца, сама па сабе сутнасць улады ў Беларусі не змянілася.

«Не змянілася рэпрэсіўная практыка заканадаўства і практыка яго прымянення. Хацелася б, каб гэта быў першы крок да паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека ў краіне, я маю на ўвазе свабоду сходаў і асацыяцый, выказвання меркавання, атрымання і распаўсюду інфармацыі і гэтак далей», - сказаў ён.

Праваабаронцу таксама турбуе «справа графіцістаў». «Той аб'ём абвінавачвання, які нам вядомы, на нашую думку, не з'яўляецца падставай для ўтрымання пад вартай, тут таксама прасочваюцца палітычныя матывы», - адзначыў Стэфановіч.

Паводле naviny.by

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства