Статкевіч будзе знаходзіцца пад прафілактычным наглядам 8 гадоў
Палітык будзе абавязаны з’яўляцца ў міліцыю па першым выкліку і не пакідаць сталае месца жыхарства больш, чым на 30 дзён.
Пра тое, што Мікола Статкевіч будзе знаходзіцца пад прафілактычным наглядам міліцыі, Еўрарадыё паведаміла жонка экс-кандыдата ў прэзідэнты Марына Адамовіч. Па яе словах, пакуль яшчэ не вядома, ці прадугледжвае ўказ аб памілаванні Міколы Статкевіча скасаванне судзімасці.
Яе паведамляе сам Мікола Статкевіч, у выпадку, калі ў яго "назбіраецца" тры адміністоацыйных правапарушэнні цягам года, то прафілактычны нагляд будзе зменены на прэвентыўны. Тады ён не толькі не зможа некуды ездзіць па-за межы Мінска, але і павінен будзе знаходзіцца дома з 20 да 8 раніцы. Апроч таго, наяўнасць прафілактычнага нагляду азначае, што судзімасць у Статкевіча застаецца непагашанай. І ён не мае права балатавацца кандыдатам на любых выбарах.
Як раней паведамляла Еўрарадыё, у Статкевіча адзінага з усіх вызваленых 22 жніўня палітвязняў у даведцы аб вызваленні стаіць пазнака “Падпадае пад нагляд”.
Нагадаем, Мікола Статкевіч быў памілаваны кіраўніком краіны разам з яшчэ пяццю палітвязнямі ў суботу 22 жніўня. За кратамі ён правёў 4 гады і 8 месяцаў.