viasna on patreon

Гомельская «хімія»: адсутнасць працы, грошай, харчаванне адзін раз у дзень

2015 2015-08-24T17:32:47+0300 2015-08-24T17:32:47+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/pradkin-uladzimir.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Інфармацыяй пра ўмовы жыцця ў «Выпраўленчай установе адкрытага тыпу №18» Гомеля падзяліўся адзін з асуджаных, жыхар Рэчыцы Уладзімір Прадкін. Звярнуцца да журналістаў мужчыну вымусіла адчайнае становішча, у якое ён трапіў на «хіміі».

Ва «установу адкрытага тыпу» Уладзімір трапіў па рашэнню суда ў сакавіку. Ён асуджаны за пазыку па аліментах – распаўсюджаны сярод тых, хто адбывае пакаранне на «хіміі» артыкул 174 Крымінальнага кодэксу. «У мяне два сыны – 17 і 19 гадоў, ужо студэнты. Але так склалася жыццё, што з жонкай то жылі, то не жылі, то мірыліся, то разыходзіліся. У выніку я ёй даваў грошы, калі мы жылі разам, з рук у рукі, але гэта мне ў залік не пайшло. Трэба было складаць адмысловыя паперкі, але гэта ў некаторых выпадках не было зроблена, таму атрымалася вялікая пазыка – каля ста мільёнаў за ўсе гады. Прычым прыкладна 30 мільёнаў – самі аліменты, а 70 мільёнаў – пеня. Я так разумею, што пеня ідзе не дзецям, а ў дзяржаўную казну, таму, напэўна, дзяржаве выгадна ствараць штучна такія сітуацыі і такіх злачынцаў», - мяркуе жыхар Рэчыцы. Ён падкрэслівае, што ніколі не адмаўляўся ад выплаты аліментаў і штомесяц пераводзіў грошы, толькі што іх памер быў невялікі. Не пашанцавала яшчэ ў тым, што ў чалавека згарэў дом, і патрэбны былі грошы на рамонт. А тым часам «лічыльнік» па аліментах цікаў, расла вялікая пеня.

Па законе на «хіміі» яго павінны працаўладкаваць. Але больш за тры месяцы чалавек быў без працы – адміністрацыя ўстановы тлумачыла, што працы няма, а ў краіне цяжкая эканамічная сітуацыя. Сам Уладзімір уладкавацца на працу не мог – патрэбна накіраванне і ўзгадненне з адміністрацыі ўстановы, дзе ён адбывае пакаранне. «Я колькі разоў знаходзіў працу па абвестках, але трэба дазвол – такая папера, падпісаная трыма чалавекамі з адміністрацыі ўстановы. То аднаго няма, то другога, каб паставіць подпіс. У выніку я тэлефаную на тую працу – а ўжо ўзялі іншага чалавека, пакуль я подпісы ставіў», - зазначыў асуджаны.

Ён пачаў пісаць скаргі ў пракуратуру, у выніку атрымаў працу – рабочым на палову стаўкі ў жаночай калоніі. Жаночая калонія і «хімія» - у розных раёнах гораду, за праезд туды на грамадскім транспарце таксама трэба плаціць грошы. Таму атрымалася такая арыфметыка: мільён заробку, з яго мінус 700 тысяч на выплату пазыкі па зыску, мінус 150 тысяч на праезд на працу і мінус 150 тысяч – за інтэрнат. У выніку на рукі Уладзімір атрымлівае нуль. Тым часам, харчаванне ва выпраўленчай установе – за свой кошт.

«І такіх, як я, чалавек сто на «хіміі», бадзяюцца без працы туды-сюды па інтэрнаце, сядзяць на шыі ў сваякоў, якія даюць ім грошы ці прадукты. У маім выпадку няма каму памагаць, бацькі памерлі, брат сам ледзьве зводзіць канцы з канцамі. Як жыць?», - пытаецца Уладзімір.

Калі ж хто пачынае скардзіцца – адміністрацыя ўстановы «прымае меры» - пазбаўляе выхаду ў горад ці паездкі дахаты і так далей. Калі людзі не плацяць за інтэрнат – могуць трапіць у ШІЗА (штрафны ізалятар).

«Сітуацыя ва ўстанове такая, што людзей даводзяць да стану, калі яны вымушаны ў барацьбе за існаванне ці бегчы адтуль - і такія выпадкі ёсць, бегаюць па 3-5 дзён, да 10 дзён, за гэта яго не пасадзяць, толькі ШІЗА атрымае. А калі больш за 10 дзён - можа трапіць на зону. Ці проста, як кажуць, «дах едзе». Ёсць тыя, што бягуць з канцамі – напрыклад, у Расію, мяжа ж блізка. Чалавек вымушаны ці красці, ці на іншых працаваць на «хіміі» - прыбіраць замест некага, праць бялізну, гатаваць ежу і так далей», - расказвае пра быт «хіміі» асуджаны.

Ён «неяк выкручваецца», - харчуецца толькі адзін раз у дзень, і эканомна.

Па правілах, калі ў чалавека зусім няма сродкаў да існавання, то адміністрацыя ўстановы можа аказаць матэрыяльную дапамогу. Уладзімір звяртаўся, але атрымаў адмову – маўляў, у бюджэце няма сродкаў на гэты пункт.

Па яго словах, сярод іншых асуджаных пануе страх, яны баяцца рэпрэсій з боку кіраўніцтва, таму сядзяць на «хіміі» без ніякіх сродкаў для існавання і баяцца скардзіцца.

Уладзімір не выключае, што ў такім адчайным стане можа і абвясціць галадоўку.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства