Бяроза: замест пікета да гадавіны надання Дэкларацыі аб суверэнітэце статусу канстытуцыйнага закону -- футбол
Бярозаўскія праваабаронцы і грамадскія актывісты падавалі заяўку на правядзенне 25 жніўня, у 24 –ю гадавіну надання Дэкларацыі аб суверэнітэце БССР статусу канстытуцыйнага закону, пікета з нагоды гэтай важнай гістарычнай для краіны даты.
Мясцовы райвыканкам забараніў пікет па прычыне таго, што абодва стадыёны, дзе дазволена праводзіць масавыя мерапрыемствы, занятыя ў гэты час спартыўнымі мерапрыемствамі – гульнёй у футбол.
Праваабаронцы спадзяваліся на дазвол, чакаючы, што выканкам дасць яго па аналогіі з сітуацыяй да 27 ліпеня, калі акцыя з нагоды 25-годдзя прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце краіны была дазволена.
Заяўнікі пікету лічаць прычыну адмовы надуманай, паколькі можна было прапанаваць для пікета іншы час і нават іншы дзень.
Пікет быў запланаваны на 18 гадзін з удзелам прыкладна 10 чалавек на ўваходзе ў Цэнтральны гарадскі стадыён.