Следчы камітэт парушае прэзумпцыю невінаватасці фігурантаў па "справе графіцістаў"
На сайце Следчага камітэта 22 жніўня з'явілася інфармацыя ў дачыненні да абвінавачаных і падазраваных па “справе графіцістаў”, якая парушае прэзумпцыю невінаватасці затрыманых.
"У ходзе расследавання крымінальнай справы, у тым ліку ў выніку агляду канфіскаванай у ходзе ператрусаў кампутарнай тэхнікі, былі ўстаноўленыя факты выкарыстання і распаўсюджвання ў сетцы Інтэрнэт асобамі, прыцягнутымі па крымінальнай справе ў якасці падазраваных і абвінавачаных, экстрэмісцкіх матэрыялаў у частцы прапаганды агрэсіўных, гвалтоўных дзеянняў, накіраваных супраць органаў правапарадку; заклікаў, якія падахвочваюць грамадзянаў да здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў, масавых беспарадкаў; абразлівых і пагардлівых найменняў людзей па этнічнай прыкмеце. Пры гэтым распаўсюджаныя ў сетцы Інтэрнэт матэрыялы ўтрымліваюць нацысцкую сімволіку і атрыбутыку, выказванні, якія абражаюць ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. Паводле высноваў заключэння рэспубліканскай экспертнай камісіі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь распаўсюджаныя ў сетцы Інтэрнэт матэрыялы ўтрымліваюць прыкметы праявы экстрэмізму і рашэннем суда Цэнтральнага раёна горада Мінска прызнаныя экстрэмісцкімі", - гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Пры гэтым незразумела, на чыёй менавіта кампутарнай тэхніцы былі выяўленыя экстрэмісцкай матэрыялы, калі ператрусы і канфіскацыя адбываліся на пяці кватэрах (у тым ліку і на кватэрах бацькоў затрыманых), і на якое менавіта рашэнне суда Цэнтральнага райана спасылаецца Следчы камітэт, калі ніхто з фігурантаў па справе не ў курсе падобных рашэнняў.
Акрамя таго, Следчы камітэт адзначае, што "праводзяцца следчыя дзеянні, накіраваныя на праверку фактаў дзейнасці групы, якія змяшчаюць прыкметы распальвання расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці або розні, канчатковы вывад па якіх будзе зроблены пасля заключэння псіхолага-лінгвістычнай экспертызы".
Яраслава Ульяненкава, які праходзіць па справе ў статусе падазраванага і быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе, ніхто не азнаёміў з пастановай аб прызначэнні псіхолага-лінгвістычнай экспертызы. Ён ужо накіраваў хадайніцтва кіраўніку следчай групы Агафонаву А. Д., у якім просіць азнаёміць яго з такой пастановай, калі экспертыза прызначалася ў ходзе правядзення папярэдняга расследавання па ўказанай крымінальнай справе.
Сярод іншага, Следчы камітэт дае і некарэктную ацэнку асобам фігурантаў, адзначаючы, што некаторыя з іх прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці, у нядаўнім часе змянілі свае прозвішчы, двое пераехалі ў Мінску і пражывалі на здымнай кватэры, што не адносіцца да справы. А канфіскаваныя прадметы ў затрыманых - пнеўматычны пісталет, балаклавы, налепкі - не забаронены заканадаўствам Беларусі, не даказана іх выкарыстанне ў мэтах здзяйснення злачынных дзеянняў. Аднак, стыль напісання навіны Следчым камітэтам наўмысна стварае негатыўны вобраз хлопцаў, парушаючы іх прэзумпцыю невінаватасці.
Маці Максіма Пякарскага ад адчаю ўжо звярнулася да прэзідэнта А. Г. Лукашэнкі з просьбай памілаваць М. Пякарскага, В. Жаромскага і В. Касінерава на этапе прад'яўлення абвінавачвання і не даваць падставы разрастацца далейшым дзеянням вакол сітуацыі, якая склалася.
Нагадаем, 11 жніўня пяцёра хлопцаў былі жорстка затрыманыя па падазрэнні ва ўдзеле па трох крымінальных справах: нанясенню беларуска-моўных графіці “Беларусь мае быць беларускай” і “Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…”, а таксама запэцкванню фарбай сацыяльнага бігборда з выявамі супрацоўнікаў міліцыі.
20 жніўня Следчы камітэт прад'явіў абвінавачванні Максіму Пякарскаму і Вадзіму Жаромскаму па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – “Хуліганства, здзейсненае групай асобаў”. Зараз хлопцы знаходзяцца ў СІЗА-1.
Праваабарончы цэнтр “Вясна” ужо выступіў з заявай на конт сітуацыі, якая склалася, і патрабуе неадкладнага вызвалення з-пад варты Вячаслава Касінерава, Максіма Пякарскага і Вадзіма Жаромскага.