Орша: затрыманыя прапаведнікі-крышнаіты
Крышнаіты-прапаведнікі ўжо ня першы раз прыязджаюць у Воршу. Час ад часу прыхільнікаў гэтай рэлігіі можна ўбачыць каля гарадзкога рынку, дзе яны спрабуюць прадаваць літаратуру пад выглядам збору ахвяраванняў.
Але гэтым разам прапаведнікі наведалі Воршу шумна. Як паведамляе сайт orsha.eu, некалькі чалавек ішлі ў адпаведнай вопратцы з незвычайнымі для гэтага гораду музычнымі інструментамі і спявалі рэлігійныя гімны. Дайсці рэлігійныя музыкі змаглі да раёну Раніцы, дзе і былі затрыманыя міліцыяй. Прычына затрымання пакуль невядомая.
Усіх шасцёх завезлі ў пастарунак. Праз гадзіну, запісаўшы асабістыя звесткі, адпусцілі без складання пратаколаў.
Гэта ня першы выпадак, калі супрацоўнікі міліцыі затрымліваюць крышнаітаў. Так, адно з апошніх затрыманняў адбылося ў чэрвені гэтага года ў Віцебску, пра што паведамляў сайт ПЦ “Вясна”.