viasna on patreon

Вызваленне 6 палітычных зняволеных не павінна адцягваць увагу ад парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі

2015 2015-09-02T15:50:18+0300 2015-09-02T16:41:13+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/fidh6.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH)

Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека (FIDH)

Парыж, 2 верасня 2015 г.

FIDH (Міжнародная Федэрацыя за правы чалавека) з вялікай палёгкай даведалася аб вызваленні шасці палітычных зняволеных у Беларусі. Пасля больш чым пяцігадовых намаганняў па іх вызваленні, FIDH шчаслівая вітаць на волі Мікалая Статкевіча, Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Арцёма Пракапенку, Яўгена Васьковіча і Юрыя Рубцова. Іх вызваленне павінна стаць сігналам для міжнароднай супольнасці для ўзмацнення патрабаванняў правядзення рэформаў, скіраваных на эфектыўную абарону правоў чалавека ў краіне.

22 жніўня, крыху больш чым за месяц да прэзідэнцкіх выбараў, прызначаных на 11 кастрычніка, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка памілаваў шэсць палітычных зняволеных, вызваленне якіх было адной з галоўных умоваў больш цеснага дыялогу з Захадам. FIDH заклікае міжнародную супольнасць у далейшым ацэньваць сітуацыю не на падставе гэтага нядаўняга памілавання, а на аналізе стабільных намаганняў па абароне правоў чалавека, уключаючы заканадаўчыя рэформы, дэ-крыміналізацыю незарэгістраваных арганізацый, спыненне практыкі прэвентыўных затрыманняў і іншых формаў пераследу грамадзянскіх актывістаў і незалежных журналістаў, а таксама выкарыстання прымусовай працы.

«Падзяляючы радасць шасці грамадзянскіх актывістаў і іх сем'яў у сувязі з доўгачаканай свабодай, FIDH нагадвае, што іх вызваленне не перакрэслівае гады адвольнага зняволення ў цяжкіх умовах, дыскрымінацыйнае абыходжанне і шматлікія санкцыі, якім яны падвяргаліся нават у няволі», заявіў Карым Лахіджы, Прэзідэнт FIDH. «Рэпрэсіўная сістэма, адвольна адправіла гэтых людзей за краты, па-ранейшаму працуе».

FIDH настойвае на тым, што грамадзянскія правы ўсіх вызваленых палітычных зняволеных павінны быць адноўленыя і ўсе яны павінны быць рэабілітаваныя. Сітуацыя нядаўна вызваленых падобная да становішча многіх беларускіх грамадзянаў, чыя свабода ў цяперашні момант сур'ёзна абмежаваная ў выніку асуджэння або пераследу па палітычна матываваных крымінальных справах. У большасці вызваленых або амніставаных палітычных зняволеных па-ранейшаму не пагашаная судзімасць, што пазбаўляе іх многіх грамадзянскіх і палітычных правоў, у тым ліку права балатавацца на выбарах ці займаць пасаду дзяржаўнага служачага. Памілаваныя знаходзяцца на прафілактычным уліку органаў унутраных спраў, што дае супрацоўнікам міліцыі права рэгулярна іх наведваць.

У выпадку рэальнага або ўяўнага парушэння рэжыму ім пагражае прэвентыўны нагляд з больш сур'ёзнымі абмежаваннямі. Яны абавязаныя знаходзіцца дома ў начны час, не могуць выязджаць за межы населенага пункта без дазволу адказнага органа, на іх распаўсюджваецца шэраг забаронаў, у тым ліку на наведванне публічных месцаў. Самае галоўнае, што падобны нагляд можа, адпаведна, прывесці да чарговага крымінальнага пераследу і наступнага пазбаўлення волі. Так, у жніўні 2013 года Уладзіміра Яроменка, а ў снежні 2013 года Васіля Парфянкова прыгаварылі да пазбаўлення волі за парушэнне прэвентыўнага нагляду.

У цэлым сітуацыя з правамі чалавека ў краіне застаецца падставай для сур'ёзнай заклапочанасці. У ліпені бягучага года FIDH звярнулася з адкрытым лістом да Еўрапейскага Саюза, заклікаючы ЕС не пачынаць актыўную фазу Дыялогу па правах чалавека з беларускімі ўладамі, калі не будуць выкананыя пэўныя ўмовы, а таксама адсочваць чаканы прагрэс з дапамогай выразна пазначанай дарожнай мапы Дыялогу. FIDH падрабязна адзначыла асноўныя тэндэнцыі парушэння правоў чалавека, уключаючы права на жыццё, права на асацыяцыю, права на свабоду выказвання, на справядлівыя суд і разбіральніцтва, гэтак жа як на абарону эканамічных і сацыяльных правоў.

«Перадвыбарная кампанія прадэманстравала шматлікія і сур'ёзныя прыклады парушэнняў, якія перашкаджаюць правядзенню адкрытых і сумленных выбараў, таксама як і свабодзе выказвання. Непразрыстыя працэдуры фармавання выбарчых камісій, у якія ў большасці выпадкаў не ўваходзяць прадстаўнікі апазіцыйных партый і незалежнай грамадзянскай супольнасці, дазваляюць казаць пра патэнцыйную перадузятасць падчас падліку галасоў у дзень выбараў», заявіў Валянцін Стэфановіч, намеснік старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна".

Напярэдадні рашэння краінаў-сябраў ЕС па пераглядзе абмежавальных мераў у дачыненні да Беларусі, якія дзейнічаюць да 31 кастрычніка 2015 года, FIDH звяртаецца да Еўрапейскага Саюза з заклікам даць ацэнку крытычнай адсутнасці дзейсных рэформаў, якія стварылі б для беларускіх грамадзянаў сапраўды свабодную грамадзянскую прастору, што дазваляе ім карыстацца сваімі грамадзянскімі, палітычнымі і эканамічнымі правамі. ЕС павінен таксама запатрабаваць поўнай рэабілітацыі ўсіх былых палітычных зняволеных.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства