Алесь Бяляцкі бярэ ўдзел у “Форуме 2000” у Празе (відэа)
У сваім выступе падчас адкрыцця 19-й штогадовай канферэнцыі, якая традыцыйна праходзіць з акцэнтам на правы чалавека, кіраўнік ПЦ “Вясна” раскрытыкаваў цяперашнюю тактычную прытворную дэмакратыю ў Беларусі.
Распачаты 13 верасня ў Празе “Форум 2000” сёлета прысвечаны пытанням дэмакратыі і навучання. Адкрывалі канферэнцыю дырэктар фонда “Форум 2000” Якуб Клепал і навукоўца Іван Гавел, брат нябожчыка экс-прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гавела, які з’яўляўся ініцыятарам “Форума 2000” у другой палове 1990-х гадоў.
Падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця пра сітуацыю ў сваіх краінах распавялі запрошаныя госці - Ліліян Тынтары, жонка зняволенага венесуэльскага апазіцыянера, азербайджанскі палітолаг Лэйла Аліева і беларускі праваабаронца, былы палітвязень Алесь Бяляцкі.
Кіраўнік Праваабарончага цэнтра “Вясна” ўказаў на неабходнасць пашырэння Еўрапейскага Саюза на ўсход і раскрытыкаваў цяперашнюю прытворную дэмакратыю – тактыку з боку насамрэч аўтарытарнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які хоча пераабрацца на пяты прэзідэнцкі тэрмін.
“Менш як месяц таму ў Беларусі былі вызваленыя ўсе палітычныя вязні. Рэжым адступіў - пасля ціску еўрапейскай супольнасці, пасля пратэстаў у самой краіне - зрабіў паўкроку назад. Але гэта тактычная саступка, тактычная перамога. Праз месяц у Беларусі будуць праходзіць чарговыя прэзідэнцкія выбары, і Лукашэнка ідзе пяты раз на гэтыя выбары. І мы не маем сумневаў, што выбары будуць сфальсіфікаваныя. Лукашэнка будуе фасадную дэмакратыю, і гэтаму нельга верыць”, - сказаў Алесь Бяляцкі.
Таксама праваабаронца нагадаў пра знешнія пагрозы для Беларусі: “Апошнія два гады мы назіраем, як развіваецца канфлікт паміж Расіяй і Украінай. Анэксаваны Крым, ідзе практычна вайна на Данбасе. Расія працягвае нарошчваць імперыялізм, і паўстае пытанне: хто наступны?”
Сёлета ў канферэнцыі бяруць удзел больш за 150 дэлегатаў з дзясяткаў краінаў. Сярод ключавых пытанняў, вынесеных на абмеркаванне – магчымасці навучання дэмакратыі ў рэгіёнах, якія не маюць дэмакратычных традыцыяў, пытанні, звязаныя з бежанцамі і ісламскай дзяржавай, а таксама пра ролю эканамічнай пісьменнасці ў дэмакратычных рэформах.
Разам з Вацлавам Гавелам ініцыятарамі канферэнцыі "Форум 2000" былі пісьменнік і праваабаронца Элі Візель і японскі філантроп Ёхеі Сасакава, яны жадалі стварыць прастору, дзе б асобы сусветнай велічыні маглі збірацца, каб прааналізаваць выклікі новага тысячагоддзя. Больш за 700 асобаў, у тым ліку тыбецкі Далай-лама, бірманская дысідэнтка Аун Сан Су Чжы і былы прэзідэнт ЗША Біл Клінтан прынялі ўдзел у канферэнцыі ў апошнія 18 гадоў. Як заявіў на цырымоніі адкрыцця спадар Kлепал, колькасць запрошаных дэлегатаў, якія не могуць прыехаць у Прагу па палітычных прычынах, расце з кожным годам.