viasna on patreon

Наста Лойка: Грамадскі кантроль ― гэта маральны абавязак кожнага

2015 2015-09-17T18:36:50+0300 2015-09-17T18:36:50+0300 be https://spring96.org./files/images/sources/nasta_lojka.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабаронца Наста Лойка. Фота: Юля Сакалоўская

Праваабаронца Наста Лойка. Фота: Юля Сакалоўская

Папярэднія выбары розных гадоў праходзілі з парушэннямі, заяўляюць праваабаронцы. І ўводны курс "Праваабаронцы за свабодныя выбары" паўстаў, каб мінімалізаваць іх колькасць сёлета. Падрабязна пра гэты курс і паняцце "грамадскі кантроль" мы пагутарылі з праваабаронцай Настай Лойка.

Асноўная задача кожнага праваабарончага назірання ― гэта фіксацыя выбарчага працэсу, з гэтай нагоды БХК сумесна з праваабаронцамі з "Вясны" у гэтым годзе зладзілі ўводны курс "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Чаму паўстала ідэя правесці ў гэтым годзе менавіта відэакурс, распавядае Наста Лойка:

"Да нас дастаткова шмат звяртаюцца, у тым ліку і валанцёры, якія хочуць уключыцца ў дзейнасць, звязаную з назіраннем. І каб падключыць усіх жадаючых з Беларусі, мы спрабавалі абраць як мага прасцейшую форму ― і абралі форму відэакурсу. Да таго ж, гэта магчымасць перадаць свой досвед па назіранні не толькі за выбарамі, але і за акцыямі, і судамі, каб, калі раптам штосьці будзе адбывацца ў выбарчы дзень, людзі маглі назіраць адразу за ўсімі падзеямі". 

Еўрарадыё: Далучыцца можа кожны жадаючы?

Наста Лойка: Так, кожны жадаючы ў любой кропцы Беларусі можа проста зарэгістравацца на сайце, паглядзець відэа. Першая частка ― гэта "Філасофія грамадскага кантролю". Калі чалавек разумее, што гэта яму цікава, і ён гатовы падпісацца пад прынцыпы, і яго цікавіць адна канкрэтная ці ўсе тры тэмы (гэта суды, выбары, масавыя мерапрыемствы), то ён працягвае практычнае навучанне па гэтых напрамках і пасля разам з намі зможа назіраць.

Еўрарадыё: Ці можна пасля гэтага курса сябе лічыць праваабаронцам? Ці гэта занадта гучна сказана? 

Наста Лойка: У Міжнародным праве па правах чалавека вельмі шырокая трактоўка праваабаронцаў, то бок гэта проста ад чалавека, які раздае дэкларацыю правоў чалавека на вуліцы або публічна іх чытае, і да чалавека, які з'яўляецца дзеячом грамадскага кантролю. Безумоўна, гэты курс ― добры ўваход у праваабарончую дзейнасць.

Еўрарадыё: Ці шмат ахвочых?

Наста Лойка: Больш за 20 чалавек зарэгістраваліся па стане на 14 верасня, і мы вельмі спадзяемся, што будзе вялікая колькасць людзей. Грамадскі кантроль ― гэта спецыфічнае паняцце, і для нас істотна, каб людзі знайшлі з намі агульную мову.

Еўрарадыё: Наконт грамадскага кантролю, ты апублікавала невялікі тэкст на гэту тэму на старонцы "Вясны". Распавядзі, чаму ты заклікаеш да грамадскага кантролю ў Беларусі?

Наста Лойка: Калі мы пачалі распаўсюджваць анонс, былі людзі, якія пачалі выказваць меркаванне, што тэма істотная, але яны не разумелі, навошта. І пад уражаннем ад гэтага я вырашыла напісаць невялічкі тэкст, дзе выказала меркаванне, чаму гэта важна. Грамадскі кантроль ― гэта не толькі праваабарончая функцыя, але і маральны абавязак кожнага грамадзяніна: сачыць за тым, якім чынам за яго грошы, за яго падаткі працуюць дзяржаўныя органы, як яны абараняюць правы і інтарэсы людзей. Грамадскі кантроль якраз адзіны такі легальны спосаб эфектыўна гэта адсочваць. Гэта вельмі важна, каб людзі ўключаліся ў такія працэсы. Да таго ж, мы заклікаем рабіць гэта разам з намі, бо мы палітычна незаангажаваныя і незалежныя.

Еўрарадыё.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства