Вадзіма Саранчукова аштрафавалі завочна амаль год таму і без паведамлення
Гродзенскі актывіст Вадзім Саранчукоў быў надзвычай здзіўлены дасланай яму позвай з аддзелу прымусовага выканання Кастрычніцкага раёну Гродна. Калі Саранчукоў патэлефанаваў праз пазначаны ў позве нумар, то з яшчэ большым здзіўленнем даведаўся, што амаль год таму ён быў аштрафаваны судом Свіслацкага раёну на 2 мільёны 250 тысяч рублёў (15 базавых велічынь).
Размова ідзе пра традыцыйную акцыю памяці паўстанцаў 1863 года, якая штогод праходзіць у раённым цэнтры Свіслач і мясцовасці Якушоўка. За прысутнасць на Дні памяці ў 2014-ым годзе пастановамі судоў розных гарадоў краіны – Свіслачы, Гродна, Кобрына, Ваўкавыску, Ліды і Шклова былі аштрафаваныя ажно 14 чалавек. Агульная сума штрафаў – ажно 255 базавых велічыняў, што разам склала 38 мільёнаў 250 тысяч рублёў.
Адміністрацыйныя справы некалькіх чалавек былі закрытыя ў звязку са сканчэннем тэрміну даўніны. Зараз высветлілася, што ў дачыненні да Вадзіма Саранчукова гэта не так. Саранчукоў сапраўды быў азнаёмлены ў мінулым годзе са складзеным на яго адміністрацыйным пратаколам. Аднак міліцыя не ўзяла пры тым у яго працэсуальна патрэбныя пісьмовыя тлумачэнні, такім чынам матэрыялы справы былі накіраваны на дапрацоўку. І больш Саранчукову ніхто нічога не паведамляў. Зараз жа стала вядома, што фактычна завочна яго аштрафавалі і пазбавілі законнага права на абскарджанне пастановы суду.